Прэса

Прэса 2015
Пачуцці да радзімы — як песня
7 кастрычніка 2015

«Звязда» №36, пятница, 4 сентября 2016 г. У жыхароў розных куткоў краіны ёсць магчымасць перажыць іх разам з ансамблем народнай музыкі «Бяседа». Канцэртнай праграмай у Гродзенскім каледжы мастацтваў стартавала маштабная акцыя «Любіць Беларусь!». Тэлеканал «Беларусь 3» Белтэлерадыёкампаніі наладзіў яе сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь» і ансамблем народнай музыкі «Бяседа» пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда». Творчае падарожжа вядомага калектыву пройдзе па ўсіх абласных і дванаццаці раённых цэнтрах краіны, а завершыцца 10 кастрычніка фінальным гала-канцэртам у Мінску. Эмо­цыі на сцэ­не … Гастрольны тур «Бяседа» распачала ў Гродне — дарэчы, на малой радзіме свайго мастацкага кіраўніка Леаніда Захлеўнага. — Наш тур праходзіць пад назвай «Любіць Беларусь!». Сваёй творчасцю мы хочам паказаць, як любім нашу Радзіму, і запрашаем сваіх слухачоў далучыцца да нас, раздзяліць з намі гэтыя пачуцці, — кажа Леанід Захлеўны. На канцэртах прагучаць не толькі вядомыя народныя і аўтарскія песні ў выкананні «Бяседы», якія даўно палюбіліся слухачам, але і прэм’ерныя творы. Рэпертуар у калектыву багаты, і ён не практыкуе тыражыраваць адну праграму ва ўсіх рэгіёнах. У розных гарадах яна будзе нечым адметная. «Белая Русь» і Белтэлерадыёкампанія не ўпершыню звяртаюцца да тэмы гісторыі нашай краіны, яе культуры, традыцый. Першым вопытам супрацоўніцтва ў гэтым кірунку стаў праект «100 песень для Беларусі». Водгукі былі добрымі. І вось — новая акцыя, якая прапануе ўсім зацікаўленым дакрануцца да нашай песеннай спадчыны, атрымаць асалоду ад выдатнай музыкі. А таксама палепшыць сваё веданне беларускай мовы. Разам з «Бяседай» у вандроўцы па краіне ўдзельнічае вядучая праграмы «Размаўляем па-беларуску» на тэлеканале «Беларусь 3» Алена ТРАЦЭНКА. Падчас канцэртаў публіцы прапануюць не толькі далучыцца да народнай песеннай творчасці, але і віктарыну, каб паспрабаваць сябе ў якасці мовазнаўцаў. Намеснік старшыні ГА «Белая Русь» Аляксандр ШАЦЬКО зазначыў, што ў навучальных установах цяпер шмат увагі надаецца менавіта беларускай культуры. Нядаўна, напрыклад, падвялі вынікі конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі» сярод моладзі да 22-х гадоў. Прыйшло шмат работ пра Беларусь і на беларускай мове. Прычым не проста спампавалі з інтэрнэту нейкі рэферат, а напісалі ад душы, ад сэрца. Значыць, і ў школах, і ў сем’ях на такія тэмы гавораць, патрыятычныя імкненні дзяцей і моладзі падтрымліваюць. Гэта тычыцца і папулярызацыі нашай песеннай спадчыны. Хтосьці лічыць, што яна нецікавая? Але той жа ансамбль «Бяседа» заўсёды збірае аншлагі і ў малых, і ў вялікіх гарадах. Людзі ахвотна прыходзяць на канцэрты, бо любяць беларускія песні. І не толькі, дарэчы, у нашай краіне. — Народныя і аўтарскія беларускія песні настолькі прыгожыя, душэўныя, што мы іх выконваем з гонарам, — зазначае Леанід Захлеўны. — І ўсюды яны ўспрымаюцца гэтак жа эмацыянальна, як мы спяваем. Іх з захапленнем сустракаюць не толькі нашы землякі, але, напрыклад, і карэйцы, кітайцы, венесуэльцы. Напэўна, толькі таму, што ўсё робіцца шчыра, ад душы. А публіку не падманеш. Людзі быццам уваходзяць у «гульню», якую мы ім прапануем. Спяваюць з намі, танчаць пад нашу музыку. Для артыстаў такая еднасць са сваімі слухачамі — самае дарагое. … і ў за­ле. Салістка ансамбля «Бяседа» Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ пераканана, што павагу да беларускай спадчыны трэба выхоўваць з дзяцінства: — Мне часта даводзіцца бываць у журы розных конкурсаў, і вельмі прыемна, калі пяці-, шасцігадовыя дзеці выконваюць песні на роднай мове. Яны з маленства развіваюцца, імкнуцца ведаць культуру, абрады, гісторыю сваёй краіны. Гэта вельмі радуе, натхняе і нас, прафесійных выканаўцаў. Лічу, што на тэлебачанні, на радыё трэба больш папулярызаваць менавіта народныя беларускія песні. А што тычыцца асабістых уражанняў… Аўтар гэтых радкоў неаднойчы быў на канцэртах «Бяседы», у тым ліку ў Беластоку, дзе ансамбль выступаў па запрашэнні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. І заўсёды — нейкая асаблівая энергетыка ў зале, калі тое, што праходзіць праз душу артыста, закранае і эмоцыі гледача. Хтосьці, мажліва, аб нечым задумаецца, зажурыцца. Альбо парадуецца, усміхнецца. Так было і на гэты раз. Літаральна за кожную песню зала дзякавала ансамблю гучнымі апладысментамі, а некаторым вядомым хітам гродзенцы падпявалі. — Проста супер! Таленавіта, нешаблонна, з цікавымі аранжыроўкамі, калі даўняя песня падаецца быццам на сучасны лад, — такія ўражанні засталіся, напрыклад, у Сяргея і Наталлі Васілевічаў. Ліда прымала акцыю «Любіць Беларусь!» 3 верасня, а 4-га канцэрт ансамбля «Бяседа» пройдзе ў Слонімскім цэнтры культуры і адпачынку. Да ведама: Тым, хто не трапіць на канцэрт у рамках акцыі «Любіць Беларусь!», засмучацца не варта. Ёй будзе прысвечаны спецыяльны цыкл праграм на тэлеканале «Беларусь 3». Сачыць за навінамі акцыі можна на старонцы тэлеканала ў інтэрнэце http://3belarus.by/, а таксама на сайце Белтэлерадыёкампаніі http://www.tvr.by/. Наша даведка Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» створаны ў 1991 годзе. «Бяседа» азначае, што сваякі, сябры збіраюцца разам, каб пагутарыць і паспяваць: «Пайшлі на бяседу», «Сядзім на бяседзе»… Канцэртныя праграмы ансамбля — быццам своеасаблівы тэатр песні з харавымі, сольнымі, інструментальнымі нумарамі ў аздабленні народных касцюмаў. Большую частку песень рэпертуару калектыву апрацавалі альбо напісалі яго мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі Леанід ЗАХЛЕЎНЫ і вядучы музыкант Мікалай АЛЕШКА. Такія песні, як «За маладых», «Чарка на пасашок», «Маруся», «Запрагай-ка, бацька, коней» сталі ўжо шырока вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.