Прэса

Прэса 2014
«Дай жа, Божа, мужанька да маёй натуры!»
5 снежня 2014

Фальклорныя вандроўкі — гэта свята. На ім збіраюцца людзі, якіх аб’ядноўвае любоў да песні. Гаспадары дзеляцца з гасцямі духоўным скарбам, у якім вопыт мінулых пакаленняў (а бывае і гісторыі цэлых дынастый) і час перастае існаваць у вымярэннях «мінулае» і «сучаснае». Бо, пачуўшы спевы і паданні, ты дакранаешся да вечнага, і пасля гэтага немагчыма застацца абыякавым. Так, пасля сустрэчы і знаёмства здымачнай групы праекта «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3» і карэспандэнта «Звязды» з народным фальклорным ансамблем «Аршаначка» хочацца гаварыць пра лёс жанчыны, тэмай, якой пранізана кожная песня…

Гэтым разам мы завіталі ў вёску Антонаўка Аршанскага раёна, якая знаходзіцца на тэрыторыі Бабініцкага сельсавета. Здымачная група рыхтуецца да працы — аператары настройваюць тэхніку і абмяркоўваюць, як лепш размясціць калектыў на сцэне, мы ж азіраемся навокал… Невялікая зала, якія можна сустрэць у сельскай мясцовасці; сцэну ўпрыгожвае фон з вышытых ручнікоў і сноп калосся. У такіх выпадках, мабыць, кажуць: чым багаты — тым і рады. Але такое назіранне пасля пачутых песень наводзіць на думку, што сапраўдны талент можа радаваць сваім гучаннем і выжываць у любых умовах.

Народны фальклорны ансамбль «Аршаначка» ўзнік амаль дваццаць пяць гадоў таму. Яго заснавалі муж і жонка Полазавы: ён быў гарманістам, а яна любіла спяваць.

—Многія песні з тых, што спявалі яны, мы выконваем дагэтуль. «Аршаначка» ўтварылася ў 1990 годзе. Тады спявалі шэсць чалавек — усе былыя работнікі Аршанскай птушкафабрыкі, — расказвае кіраўнік калектыву Наталля Кісялёва. — З часам і новыя жанчыны прыйшлі. Вось і спяваем з тых часоў. У 2003 годзе нам далі званне «народны». Тады, дарэчы, і назву прыдумлялі і, паколькі мы з Аршанскага раёна, то вырашылі, што будзем называцца адпаведна.

Сёння тут спявае 12 чалавек. Склад пераважна жаночы, але ёсць і два мужчыны. З першага складу засталося пяць спявачак. Расповеды пра жыццё мясцовых прыхільнікаў песні, вядома, не абыходзяцца без яе выканання. Першая з пачутых — «Ой, я жала жыта пры дарозе»:

(кожны радок паўтараецца двойчы)
Ой, я жала жыта пры дарозе
Павесіла калыску на бярозе.
Ой, я жала жыта пры даліне,
Павесіла калыску на каліне.
Жну й палоску, жну й другую,
Крычыць маё дзіцятка, а я чую.
Пакуль постаць падагнала,
А ваўчыца майго сына скрала.
Ой, я жала жыта пры даліне,
Павесіла калыску на каліне.

Такая яна, карціна рэальнага жыцця — такога, якім яно было не так даўно. Сёння гэта ўжо толькі адгалосак мінулага. Чужому гору не дапаможаш, застаецца толькі паспачуваць. Цяжка працавалі на зямлі, якая была карміцелькай, гадавалі дзяцей, не адыходзячы ад сена, снапоў і агародаў з бульбай…

—Гэтая песня з вёскі Бабінічы. Запісалі яе ад Марыі Астапенкі, жанчыны, якой ужо, на жаль, няма. Ляжала песня запісанай гадоў дваццаць таму, а нядаўна мы ўключылі яе ў свой рэпертуар, — дзеляцца ўдзельнікі «Аршаначкі». — Увогуле, у нас у рэпертуары розныя песні ёсць. Большая частка запісана ў бліжэйшых вёсках: Антонаўка, Бабінічы, Марозава і іншых.

Як адзначаюць у калектыве, усе песні, што выконвае «Аршаначка», мясцовыя. Большасць з іх запісалі ад мясцовай жыхаркі Валянціны Германавай. І тут, мабыць, як даніну памяці захоўваюць не толькі самі творы народнай культуры, але і манеру іх выканання, не спрабуючы нічога перарабляць на сучасны лад: як пачулі, так і спяваюць.

…І ў наступных песнях — ізноў пра будні жанчын. Часам нават ніякавата робіцца, калі разумееш, якім павінна было быць жыццё, каб страціць надзею яго працягваць…

«Ой, чырвона каліна,
на ўвесь свет счырванела.
Аддала мяне мая мамачка,
дзе вяліка дружына.
У вялікай дружыне
прывыкаці я буду,
І старэнькаму,
і маленькаму дагаджаці я буду.
Ой, пайду і зламлю я
ды чырвону каліну,
За ліхім мужам, за разбойнікам,
я навекі загіну.
Ой, пайду ж я, пайду я,
куды раньшэ хадзіла,
Ці не ўвіжу я, ці не ўбачу я,
каго раньшэ любіла.
Не зважай мяне, мама,
што я ў цябе адненька,
Завядзі мяне, утапі мяне,
дзе вадзіца чысценька.
Не зважай мяне, мама,
што я слаўнага роду,
Завядзі мяне,
утапі мяне ў глыбокую воду».

Аднак, як сведчаць іншыя песні, жанчыны беларускія моцныя духам і ўмеюць супрацьстаяць жыццёвым перыпетыям. У чым часта ім дапамагала вера:

Закурыўся дробненькі дожджык
каля цёмнага лесу,
Зажурыўся мой родненькі тата
маёй горкай доляй.
Не курыся ты, дробненькі дожджык,
каля цёмнага лесу.
Не журыся, мой родненькі татка,
маёй горкай долі.
Калі ж буду я Богу ўгодна
не буду галодна…

«Аршаначка» на «Дажынках» была, на «Славянскім базары», а сёння ўжо часцей іх сустрэнеш на святах тутэйшых вёсак, а таксама як жаданых гасцей на вяселлях. Ансамбль удзельнічае ў рэгістрацыі шлюбаў з элементамі вясельнага абраду. Нам расказалі пра цікавы абрад, які называецца «Выпрабаванне маладой». На другі дзень, калі маладая прачнулася і выходзіць да сваякоў, якія сабраліся ў хаце, жанчыну жартоўна выпрабоўваюць (просяць вады нанасіць рэшатам альбо фасолю рассыпаную на падлозе пазбіраць, ці бліноў напячы), перашкаджаючы ёй пры гэтым. Калі маладая не ведае, што адбываецца, то і пакрыўдзіцца можа. У выніку ж малады просіць у маці дапамагчы яго жонцы і навучыць яе ўсяму, пасля чаго працягваюць гуляць вяселле. А потым — жыццё, дзе ў кожнага свае характары, свае патрабаванні. І прыжыцца ў новай сям’і, як паказваюць песні, жанчынам не заўсёды лёгка было, і не кожную, хто замуж па каханні выходзіў, шчасце чакала:

Куры мае, куры, куры-чабатуры,
Дай жа, Божа,
мужанька да маёй натуры.
Каб гарэлачку не піў,
табаку не нюхаў,
Чужых жонак не любіў,
адну мяне слухаў…
Як пайшла я да кумы,
стала пад сцяною,
А мой мілы чорнабрывы
любіцца з кумою.
Кума ставіць бутылачку,
яшчэ свежу рыбку,
А я ўзяла, не сцярпела,
дай пабіла шыбку.
Прыхаджу дадому
з бальной галавою,
Павязала галовачку
белай хусціною…
Куры мае, куры, куры-чабатуры,
Дай жа, Божа,
мужанька да маёй натуры.

Песня, выкананая на манер прыпевак, мае вясёлы матыў, аднак змест яе дакладна не з вясёлых. І ў кожнай фальклорнай кампазіцыі — не толькі адбітак часу і характару, але і свая мудрасць…

Хаджу я, хаджу
па вішнёваму саду,
Аддала ж мяне маць
ды ў вялікую сям’ю,
А вялікая сям’я
ўся вячэраць пасела,
А мяне ж, маладу,
пасылаюць па ваду.
Я па воду пайшла,
я й вады прынесла,
А вялікая сям’я навучае мужыка:
«Чаму жонку не б’еш,
чаму волю ёй даеш?» —
«А за што ж яе біць,
яна ўмее ўсё рабіць,
І касіць, і варыць,
і са мною гаварыць».

Праслухаўшы такія песні «Аршаначкі», і пазіраўшы за жанчынамі, якія выконваюць іх, задаешся пытаннем: а ці так і шмат змен адбылося за тыя гады, што раздзяляюць гераінь песень і сённяшніх вясковых жанчын? Адказ знайшоўся пасля знаёмства з Надзеяй Германавай (яна з ліку першых удзельніц калектыву)…

—Любоў да песні ў мяне ад маці. Яна пасля вайны засталася адна з пяццю дзецьмі. Мы жылі на хутары, уся гаспадарка і клопат пра нас, дзяцей, ляжалі на яе плячах. Зразумела, што мы з малых гадоў маме дапамагалі. Калі ёй было цяжка, то яна заўсёды спявала і нам казала, каб падхоплівалі. Мама ўжо дваццаць гадоў як не з намі, а я працягваю спяваць, — дзеліцца ў асабістай размове Надзея Аляксееўна. — Мой лёс склаўся нібыта лепш, хаця таксама 14 гадоў таму мужа не стала. Двое сваіх дзетак выгадавалі з ім і яшчэ дваіх узялі, калі памерла сястра мужа. Забралі, выхавалі, усім вяселлі парабілі…

Голас маёй суразмоўцы пачынае дрыжэць, а потым яна расказвае пра ўнучку, якая, пакуль не з’ехала на вучобу ў сталіцу, падзяляла бабуліна захапленне песняй. І, нібы падсумоўваючы змест уласнага жыцця і песень, якія толькі што гучалі на сцэне, кажа:

—Усе яны пра цяжкі лёс жанчыны. Гэта адбітак таго, як жылі раней. Спяваеш іх — і нібы душу адкрываеш, адпускаеш усе свае перажыванні. А там, глядзіш, ізноў настрой выдатны і табе добра… Я аптымістка, таму і трымаюся.

Алена ДРАПКО.