Прэса

Прэса 2015
«Звязда» №18, пятница, 30 января 2015 г.
3 лютага 2015

Сякера пад лаваю ды зух з хеўраю

            Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

            Зух — бойкі, удалы чалавек; хват.

            А праз плячо паўзверх кажуха

            Ідзе раменны пас, бы ў зуха.

            (Я.Колас, «Новая зямля»).

            Гумно — будыніна для складвання і абмалоту збожжа.

            У гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, —

            Не хоча мець удзень замешкі…

            (там жа).

            Хе́ўра — група людзей, якія аб’ядналіся для разбою; банда.

            На Украіне пан Патоцкі,

            Пан з Канёва родам,

            З сваёй хеўрай гаспадарыць

            Над бедным народам.

            (Я.Купала «Бандароўна»).

            Вэ́люм — кавалак тонкай празрыстай тканіны; частка жаночага шлюбнага ўбору. «Нявеста была як нявеста: у беласнежным вэлюме. З вянком і букецікам белых красак», — чытаем у Міхася Лынькова.

            Ляда́шчы — кволы, хілы, нядужы, слабы.

            К таму часу ў Берастэчка

            К дружыне казачай

            Прыблукаўся пан Патоцкі

            З хеўраю лядачай.

            (Я.Купала, там жа).

            Кута́с — упрыгажэнне з нітак, звязанае пучком. Звычайна з кутасамі маглі быць пояс, шапка.

            Ні бэ ні мэ ні кукарэку — зусім нічога не ведаць. Яшчэ беларусы кажуць: ні ў зуб нагой, ні вуха ні рыла. Рускі аналаг — «ни бельмеса».

            Знайсці сякеру пад лаваю — казаць пра тое, што ўсім даўно вядома. Беларускі сінонім — здзівіць свет, вынайсці веласіпед. Рускі — «открыть Америку». Раней у беларускай вёсцы быў звычай: прыйшоў з сякераю дадому — не кідай абы-дзе, а ўторкні ў шчыліну паміж лавай і сцяной. Прачнуўся раніцай — а сякеры няма. Дзе шукаць? Зразумела, толькі пад лавай…

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.

 

            Ірына АСТАШКЕВІЧ.