Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Тыдзень беларускага кіно
11 снежня 2021

17 снежня адзначаецца Дзень беларускага кіно. З нагоды гэтага свята мы цэлы тыдзень будзем паказваць фільмы розных перыядаў і жанраў, дакументальныя праекты пра жыццё і творчасць рэжысёраў, сцэнарыстаў, аператараў і акцёраў вялікага экрана.

З 13 снежня ў нашай праграме перадач – 16 ігравых карцін беларускай вытворчасці. Ваенныя, драматычныя і прыгодніцкія стужкі, экранізацыі класікаў літаратуры пакажуць культурна-гістарычны зрэз айчыннага кінематографа з канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. Важнай падзеяй стане тэлепрэм’ера дакументальнага фільма «Максім Танк. Натуральны, як лінія небасхілу». Гэта работа рэжысёра Яўгена Сяцько.

Спецыяльны эфір чакае і маленькіх гледачоў. Мы падрыхтавалі адны з апошніх анімацый студыі «Беларусьфільм»: карціны «Вясна ўвосень», «Магістр вольных мастацтваў», «Прыгоды Несцеркі» ды прэм’еру гэтай восені – навучальны мультфільм «Дзідзі». У нашых праектах «Калыханка» і «Дабраранак» таксама можна будзе ўбачыць беларускія кароткаметражныя мультфільмы.

Фільм «Час надзей», шостая карціна цыкла «Кіно маёй краіны» ад Уладзіміра Арлова, нагадае пра беларускі сінематограф 60-х. А пра галоўнае – тых, без каго амаль векавая гісторыя айчыннага кінамастацтва была б немагчымай, раскажуць перадачы-партрэты «Камертон», «Кадры жыцця», «Люблю і памятаю». Іх героямі стануць рэжысёры, прадзюсары, сцэнарысты і аператары Уладзімір Корш-Саблін, Валерый Рубінчык, Уладзімір Бычкоў, Вячаслаў Нікіфараў, Аляксандр Яфрэмаў, Дзмітрый Зайцаў, Алег Аўдзееў, Юрый Ялхоў, Галіна Адамовіч, Алена Турава, Маргарыта Касымава, Уладзімір Бокун, Ігар Волчак, Таццяна Кубліцкая. Яшчэ ўспомнім артыстаў Генадзя Гарбука, Віктара Тарасава, Мікалая Кірычэнку, Міхаіла Пятрова, Уладзіміра Мішчанчука, Валерыю Арланаву, Дзмітрыя Пусцільніка.