Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Канцэрт да 100-годдзя Віктара Роўды
18 лістапада 2021

21 лістапада Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі дасць канцэрт да 100-годдзя з дня нараджэння свайго былога кіраўніка, народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды. А наш тэлеканал створыць тэлеверсію праграмы.

Віктар Уладзіміравіч Роўда з 1965 года да апошніх дзён жыцця быў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам хору Беларускага тэлебачання і радыё. На чале з маэстра калектыў папулярызаваў маладых аўтараў, выконваў найлепшыя харавыя творы айчынных кампазітараў.

Адначасова народны артыст СССР быў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вёў студэнцкі хор. На імпрэзах Віктар Уладзіміравіч нярэдка злучаў артыстаў з розных калектываў, каб дамагчыся яркага гучання кампазіцый.

Падобнае з’яднанне адбудзецца і ў новым канцэрце Белдзяржфілармоніі. Праграма «Хор як лёс» убачыць свет 21 лістапада. Сярод гасцей вечара – здымачная група нашага медыяхолдынга, якая падрыхтуе тэлеверсію выступлення.

Аўтарам праекта «Хор як лёс» выступіла сённяшні кіраўнік студэнцкага хору Акадэміі музыкі Інэса Бадзяка. Для ўдзелу ў канцэрце яна таксама запрасіла Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскай музычнай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, салістаў Станіслава Трыфанава, Анастасію Храпіцкую, Аляксандра Міхнюка.

Дарэчы, Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі сёлета святкуе 90-годдзе. Заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь, якому апладзіравалі ў Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Славеніі, цяпер кіруе кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Андрэй Саўрыцкі.