Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Дзень беларускага пісьменства на «Беларусь 3»
31 жніўня 2021

Да Дня беларускага пісьменства наш тэлеканал пакажа кінастужкі і спектаклі паводле твораў айчынных пісьменнікаў ды прадставіць новы адукацыйны праект. А 4 і 5 верасня мы прапануем наведаць свята кнігі ў Капылі з дапамогай жывых трансляцый.

Штогод, пачынаючы з 1994-га, Дзень беларускага пісьменства, які адзначаюць у першую нядзелю верасня, вандруе па гістарычных цэнтрах беларускай культуры, навукі і літаратуры. Сёлета эстафету прымае горад Капыль Мінскай вобласці. Здымачная група «Навін культуры» наведае самыя важныя падзеі свята ды пазнаёміцца з яго гасцямі. Дарэчы, у верасні праект набудзе новае графічнае афармленне.

Эфір нашага тэлеканала з 3 да 5 верасня напоўняць ігравыя стужкі, анімацыя кінастудыі «Беларусьфільм», тэатральныя пастаноўкі па творах Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Кандрата Крапівы, Францішка Аляхновіча, Івана Шамякіна, Аляксея Дударава, Янкі Маўра і Янкі Купалы. У праграмах «Люблю і памятаю», «Запіскі на палях», «Суразмоўцы» прагучаць асабістыя гісторыі класікаў і сучасных майстроў слова.

5 верасня а 12 гадзіне на «Беларусь 3» адбудзецца жывая трансляцыя ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства. У 19:30 мы пакажам закрыццё культурнага форуму. Днём жа вас чакае прэм’ера цыкла пазнавальных лекцый «Кафедра».

– Мы бачым, што фармат адукацыйных лекцый шмат гадоў застаецца запатрабаваным у культурным асяроддзі, збірае мноства зацікаўленых слухачоў як у арт-прасторах, так і анлайн, – распавядае галоўны дырэктар нашага тэлеканала Наталля Марынава. – Гэты фармат таксама выдатна зарэкамендаваў сябе ў эфіры «Беларусь 3» і дапоўніў шэраг нашых фірмовых пазнавальных праграм пра знакамітых творцаў, беларускае выяўленчае мастацтва, музыку, кіно, архітэктуру і нематэрыяльную гісторыка-культурную спадчыну. Новы праект «Кафедра» – гэта цыкл паўнавартасных тэлевізійных лекцый ад вядомых айчынных даследчыкаў. Яго першыя выпускі мы прысвецім кнігадрукаванню на беларускіх землях і адмыслова прымяркуем да Дня беларускага пісьменства.

У свята кнігі, а 17:35, глядзіце адразу дзве лекцыі праекта «Кафедра»: «Чаму кнігі прамавугольныя і пры чым тут козы» ды «Брэст, Авідзій і друкарскія станкі: як набывалі кнігу ў XVI стагоддзі».

Далей праект будзе выходзіць на «Беларусь 3» па нядзелях.