Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны
18 чэрвеня 2021

У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны глядзіце наш спецыяльны эфір. Мы падрыхтавалі класічныя савецкія кінастужкі, новы дакументальны цыкл пра Брэсцкую крэпасць ды канцэрт сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

22 чэрвеня а 12-й гадзіне на «Беларусь 3», а таксама на ўсіх тэле- і радыёканалах медыяхолдынга адбудзецца хвіліна маўчання.

У гэты ж дзень пачнецца паказ новага чатырохсерыйнага цыкла дакументальных фільмаў «Брэсцкая крэпасць». Легендарная цытадэль застаецца самай папулярнай славутасцю Беларусі. У гэтым музеі пад адкрытым небам, унесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, пабывалі больш за 25 мільёнаў чалавек. Зараз Брэсцкая крэпасць – тэрыторыя міру, але ці скончылася вайна за праўду? Ці патрэбныя светлай памяці абаронцаў цвярдыні свае заступнікі? Гэтымі пытаннямі задалася аўтар дакументальнага цыкла Алена Даміева. 

«Амаль уся тэрыторыя сучаснага мемарыялу – месца жорсткіх баёў, напэўна, кожны квадратны метр абсыпаны смяротным металам, – адзначае Алена Даміева. – Жывая памяць пра вайну, зверскую і жахлівую, – адзіная зброя, якая дапамагае зберагаць мір. І з гэтага пункта гледжання Брэсцкая крэпасць-герой дагэтуль працягвае сваё змаганне».

Кожную новую серыю дакументальнага праекта можна будзе ўбачыць 22–26 чэрвеня а 14:10, 21:05

У Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вас таксама чакае класіка беларускага і савецкага ваеннага кіно. Гэта драма Івана Пыр’ева «У шэсць гадзін вечара пасля вайны», гісторыка-публіцыстычны фільм Міхаіла Рома «Звычайны фашызм» і экранізацыя рамана Івана Шамякіна «Вазьму твой боль» ад рэжысёра Міхаіла Пташука.

Яшчэ мы пакажам новы канцэрт сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі «Рэха вайны». У 21:30 калектыў пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага выканае фрагменты «Альпійскай балады» Яўгена Глебава, Сёмай («Ленінградскай»), Пятай і Дзявятай сімфоній Дзмітрыя Шастаковіча.