Калыханка

У калаўроце падзей і клопатаў сучасным бацькам бывае няпроста знайсці час на выхаванне дзяцей. А як быць, калі малыя штовечар просяць казку перад сном? Стваральнікі праграмы “Калыханка” ахвотна дапамагаюць дарослым. Разам з вядучымі “Калыханкі” дзеці трапляюць у вясёлыя гісторыі, падарожнічаюць, адкрываюць чароўны і неспазнаны свет.

У новым сезоне маленькіх гледачоў ізноў чакае сустрэча з любімымі героямі. Хіба можна ўявіць “Калыханку” без няўрымслівых Топы і Яны? У гэтых фантазёраў кожны раз – новая забава. Зладзіць з гарэзлівымі лялькамі пад сілу толькі падарожніку Нестару Пацехіну і дзядулю Дабрадзею.

Нестар – заўзяты вандроўнік і выдатны фатограф. Вясёлы гаварун і адменны весялун. Дзе ён толькі не пабываў! Аб’ехаў амаль паўсвету і ў такія пераплёты ў сваіх падарожжах трапляў, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць! За незвычайныя прыгоды і пацешныя дзіцячыя гульні адказвае акцёр тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Жбанкоў.

Дзед Дабрадзей – самы сапраўдны чараўнік, казачных спраў майстар! Добры, мудры, дасведчаны дзядуля распавядзе пра ўсё на свеце, ды так, што заслухаешся. Цудоўны апавядальнік і мовазнаўца, ён да таго ж выдатна спявае і танцуе. А яшчэ ідзе ў нагу з часам: кемлівы дзядуля разбіраецца ў камп’ютарных гульнях, а ў віртуальных шашках яму няма роўных! Забаўляць маленькіх гледачоў і баяць ім казкі будзе заслужаны артыст Беларусі, акцёр Тэтра беларускай драматургіі Валянцін Салаўёў. 

Вядома, у “Калыханцы” не абыдзецца без цікавых сюрпрызаў: чакайце новыя мультфільмы, займальныя гульні, яркія конкурсы і неверагодныя адкрыцці!

Праграма стварае цёплую, утульную атмасферу, знаёмую і блізкую кожнаму з дзяцінства. “Калыханка” аб’яднае і настроіць на прыемную вячэрнюю тэлехвалю ўсю сям'ю. Задавальненне атрымаюць і дзеці, і дарослыя. Далучайцеся да нашай вясёлай кампаніі кожны вечар у 20.40 на тэлеканале “Беларусь 3”!

"Калыханка" у сацыяльных сетках:

Відэа: