БЕЛАРУСЬ МУЗЫЧНАЯ

Тэлеканал “Беларусь 3” прапаноўвае вам свой варыянт дзясяткі лепшых беларускіх шлягераў. Мелодыі і тэксты, створаныя нашымі знакамітымі паэтамі і кампазітарамі, ужо колькі год складаюць залаты фонд айчынных песень, і гісторыя іх узнікнення заслугоўвае ўвагі. Свае варыянты Вы можаце пакінуць у каментарыях ці ў сацыяльных сетках.

1. Зорка Венера (музыка Сымона Рака-Міхайлоўскага, словы Максіма Багдановіча)

“Сябры”, “Песняры”, Якаў Навуменка, Віктар Скарабагатаў, Алёна Золава – многія беларускія артысты выконвалі гэту песню. Аўтар музыкі, вядомы грамадскі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі, стварыў яе ў 1918 годзе.
У 1970 годзе Юрый Семяняка на лібрэта Аляксандра Бачылы стварыў оперу, дзе галоўным матывам была менавіта песня “Зорка Венера”. На той момант яна лічылася нічыйнай, і з памылкі была прыпісана стваральніку ўсёй оперы Юрыю Семяняку. Толькі пасля смерці сапраўднага стваральніка музыкі Сымона Рака-Міхайлоўскага яму вярнулі аўтарства. Гэта адбылося дзякуючы даследчыку беларускага опернага мастацтва Віктару Скарабагатаву, які запісаў гэты твор у апрацоўцы знакамітага піяніста і арганіста Ігара Алоўнікава.

2. Купалінка (музыка Уладзіміра Тэраўскага, словы Міхася Чарота)
Гэтую песню нездарма лічаць візітоўкай нашай краіны. “Купалінку” ведаюць і спяваюць на ўсіх кантынентах.
Кампазіцыя лічыцца народнай, аднак гэта не зусім так. Упершыню “Купалінка” прагучала ў 1921 годзе ў спектаклі “На Купалле”. Ён быў пастаўлены па п’есе Міхася Чарота, а музыку да спектакля стварыў кампазітар Уладзімір Тэраўскі.

3. Мой родны кут (музыка Міколы Равенскага, словы Якуба Коласа)
Спачатку да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” дакрануўся славуты беларускі кампазітар Мікола Равенскі, аўтар шматлікіх камерных твораў і стваральнік першай беларускай нацыянальнай оперы. Але не толькі яго зацікавіла паэма Якуба Коласа. Ігар Лучанок па-новаму паглядзеў на паэтычны ўрывак і напісаў сваю неўміручую мелодыю, якую бліскуча выканаў ансамбль “Песняры”.

4. Алеся (музыка Ігара Лучанка, словы Аркадзя Куляшова)
Аўтарам музыкі на адзін з лепшых вершаў Аркадзя Куляшова “Алеся” з’яўляецца яго блізкі сябар і таленавіты беларускі кампазітар Ігар Лучанок. У 1972 годзе яна загучала ў музычным фільме Беларускага тэлебачання “Песні Ігара Лучанка” ў выкананні “Песняроў”.

5. Бывайце здаровы (музыка Ісаака Любана, словы Адама Русака)
Гэту песню вельмі доўга лічылі народнай, але гэта не так. У далёкім 1936 годзе беларускі паэт Адам Русак напісаў першыя радкі песні ў лісце да маці. А пазней нарадзіўся вядомы сёння верш. Музыку напісаў кампазітар Ісаак Любан, які разам з Русаком вучыўся ў Мінскім музычным тэхнікуме. На першай Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 годзе песня “Бывайце здаровы” была аздобай заключнага канцэрта, які з поспехам прайшоў у Вялікім тэатры Савецкага Саюза.
Доўгі час аўтарам тэкста лічылі савецкага паэта Міхаіла Ісакоўскага, але ён толькі пераклаў яго на рускую мову. Але менавіта беларускамоўны варыянт песні у выкананні народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай набыў неверагодную папулярнасць у народзе.

6. Касіў Ясь канюшыну (музыка і словы народныя, апрацоўка Уладзіміра Мулявіна)
Песню “Касіў Ясь канюшыну” можна смела лічыць візітоўкай ансамбля “Песняры”. Яна ўвайшла ў дэбютны альбом ансамбля, які разышоўся тыражом больш за 10 мільёнаў экзэмпляраў. А ў 1972 годзе “Песняры” сталі лаўрэатамі “Песні-72” – галоўнага тэлевізінага фестывалю песні ў СССР.

7. Малінаўка (музыка Эдуарда Ханка, словы Анатоля Папярэчнага)
“Малінаўка” – адзін з галоўных шлягераў беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля “Верасы” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі кампазітара Васіля Раінчыка. Пасля тэлевізійнага фестывалю “Песня-1980” кампазіцыю палюбіў увесь Савецкі Саюз. “Малінаўку” дагэтуль з поспехам спяваюць былыя салісты “Верасоў” народныя артысты Беларусі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч.

8. Завіруха (музыка Эдуарда Ханка, словы Генадзя Бураўкіна)
Яшчэ адна песня ансамбля “Верасы” ўпершыню прагучала на Цэнтральным тэлебачанні ў 1982 годзе. Яна прынесла сусветную вядомасць аўтару тэкста, беларускаму пісьменніку Генадзю Бураўкіну. Вядома, што мелодыя нарадзілася зімой, калі Эдуард Ханок ехаў з кніжкай Бураўкіна ў аўтобусе “Брэст – Мінск”.

9. Шуміце бярозы (музыка Эдуарда Ханка, словы Ніла Гілевіча)
“Шуміце бярозы” – неўміручы хіт ансамбля “Сябры” ў выкананні яго саліста і кіраўніка народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Аўтар слоў – беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, прафесар, літаратуразнавец і фалькларыст Ніл Гілевіч.

10. Майскі вальс (музыка Ігара Лучанка, словы Міхаіла Ясеня)
Песня нарадзілася больш за 30 гадоў таму. Менавіта тады да кампазітара Ігара Лучанка зазірнуў паэт-франтавік Міхаіл Ясень і паклаў на стол патрыятычны верш, над якім працаваў доўгі час. “Майскі вальс” хутка стаў народным. Першы выканаўца Яраслаў Еўдакімаў, які маладзейшы за аўтара слоў амаль на 30 гадоў, прадставіў яе на суд гледача ў тэлефестывалі “Песня-85”, яе поспех быў ашаламляльным. Сёння песню спяваюць не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе, Амерыцы. Яна гучыць у эфіры, са сцэн, яе выконвае моладзь і ветэраны.