Сякера пад лаваю ды зух з хеўраю
Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Папярэдне ж праверыць сваё веданне роднай мовы можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:
Зух — бойкі, удалы чалавек; хват.
А праз плячо паўзверх кажуха
Ідзе раменны пас, бы ў зуха.
(Я.Колас, «Новая зямля»).
Гумно — будыніна для складвання і абмалоту збожжа.
У гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, —
Не хоча мець удзень замешкі…
(там жа).
Хе́ўра — група людзей, якія аб’ядналіся для разбою; банда.
На Украіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хеўрай гаспадарыць
Над бедным народам.
(Я.Купала «Бандароўна»).
Вэ́люм — кавалак тонкай празрыстай тканіны; частка жаночага шлюбнага ўбору. «Нявеста была як нявеста: у беласнежным вэлюме. З вянком і букецікам белых красак», — чытаем у Міхася Лынькова.
Ляда́шчы — кволы, хілы, нядужы, слабы.
К таму часу ў Берастэчка
К дружыне казачай
Прыблукаўся пан Патоцкі
З хеўраю лядачай.
(Я.Купала, там жа).
Кута́с — упрыгажэнне з нітак, звязанае пучком. Звычайна з кутасамі маглі быць пояс, шапка.
Ні бэ ні мэ ні кукарэку — зусім нічога не ведаць. Яшчэ беларусы кажуць: ні ў зуб нагой, ні вуха ні рыла. Рускі аналаг — «ни бельмеса».
Знайсці сякеру пад лаваю — казаць пра тое, што ўсім даўно вядома. Беларускі сінонім — здзівіць свет, вынайсці веласіпед. Рускі — «открыть Америку». Раней у беларускай вёсцы быў звычай: прыйшоў з сякераю дадому — не кідай абы-дзе, а ўторкні ў шчыліну паміж лавай і сцяной. Прачнуўся раніцай — а сякеры няма. Дзе шукаць? Зразумела, толькі пад лавай…
Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.