Навіны

Навіны
Музыка
Віртуозы класічнай музыкі ў эфіры “Беларусь 3”
25 красавіка 2019

27 і 28 красавіка тэлеканал "Беларусь 3" павіншуе з 30-годдзем канцэртны аркестр Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гледачы пабачаць ажно дзве канцэртныя праграмы ў выкананні аркестра і выпускнікоў гімназіі-каледжа.

27 красавіка а 22:40 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа юбілейную праграму канцэртнага аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі аркестр выканае “Маленькую начную серанаду” Вольфганга Амадэя Моцарта, твор Ave Maria Джуліа Качыні, частку першую “Зімы” з цыкла “Поры года” Антоніа Вівальдзі, “Струнную серанаду” Пятра Чайкоўскага, парафраз на тэмы рок-оперы “Ісус Хрыстос - суперзорка” Эндру Лойда Уэбера, фрагмент са “Славянскага танца № 2” Антаніна Дворжака. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Перлін, які больш за 40 гадоў выкладае ў гімназіі-каледжы.

У нядзелю “Беларусь 3” падорыць гледачам яшчэ адну канцэртную праграму да юбілею аркестра - “Віртуозы”. У гэтым канцэрце выпускнікоў гімназіі-каледжа прымуць удзел беларускія музыканты, імёны якіх цяпер вядомы ва ўсім свеце. Кожны з іх - лаўрэат шматлікіх міжнародных фестываляў і конкурсаў. Так, віяланчэліст Уладзімір Карызна пасля заканчэння гімназіі-каледжа і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі паступіў у Парыжскую кансерваторыю. Аляксандра Дзенісеня грала на цымбалах у суправаджэнні аркестра ў краінах Еўропы і Азіі: Вялікабрытаніі, Бельгіі, Бахрэйне, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Андрэй Шынкевіч з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў кантрабасістаў у Беларусі, Малдове, Чэхіі і ЗША. Андрэй Іваноў яшчэ ў часы вучобы ў каледжы быў узнагароджаны I прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе піяністаў і залатым медалём на Міжнародных Дэльфійскіх гульнях у Ерэване. А выпускнік Аляксей Пшанічны сёння сам выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі клас спецыяльнага фартэпіяна. Увесь гэты зорны склад музыкантаў гледачы тэлеканала “Беларусь 3” змогуць убачыць 28 красавіка а 22:55.