Навіны

Навіны
Гісторыя
Прэм'ера цыкла дакументальных фільмаў "Хатынь. Вайна без правіл"
15 сакавіка 2018

20 сакавіка гледачы "Беларусь 3" убачаць прэм'еру цыкла дакументальных фільмаў "Хатынь. Вайна без правіл", прымеркаванага да 75-й гадавіны з дня трагедыі ў беларускай вёсцы.

75 гадоў аддаляюць нас ад страшнай падзеі: жыхары вёскі Хатынь сталі ахвярамі нацысцкай тактыкі выпаленай зямлі. 22 сакавіка 1943 года шутцманы 118 ахоўнага батальёна сагналі хатынцаў у калгасную адрыну, замкнулі і падпалілі. Жыўцом згарэлі 149 чалавек, 75 з іх - дзеці. Самаму малодшаму было ўсяго 7 тыдняў...

Тэлегледачы ўбачаць 4 серыі: "Падставы для маўчання", "Каты i ахвяры", "Мемарыял", "Вогненныя пабрацiмы Хатынi", - кожная з якіх і самастойная частка, і адначасова адна агульная гісторыя аб трагедыі беларускіх вогненных вёсак.

Аўтары праекта распавядуць пра гісторыю стварэння Хатынскага мемарыяла, паразважаюць пра важнасць захавання памяці для маладога пакалення, пакажуць лёсы людзей, якім цудам атрымалася пазбегнуць вогненнай смерці.

Асноўным месцам здымак стаў Хатынскі мемарыял з яго Могілкамі вёсак, Дрэвамі жыцця, Сцяной смутку, Вечным агнём. Аўтары праекта таксама наведалі мемарыял "Дальва", комплекс "Праклён фашызму", Нацыянальны архіў Беларусі.

У фільмах скарыстаныя не толькі хроніка 1943 года і фрагменты частковай рэканструкцыі тых падзей, але і каментарыі аўтарытэтных спецыялістаў. Падтрымку праекту аказалі каля 20 рэспандэнтаў, сярод іх - загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Ліцвін, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Траццяк, дырэктар Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Дзмітрый Дзьякаў, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Беларусі, укладальнік зборнікаў дакументаў "Хатынь. Трагедыя і памяць" Вячаслаў Селяменеў, дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Артур Зельскі і іншыя.

"Над праектам працавала група прафесіяналаў, у складзе якой - рэжысёр Алёна Лявай, аператар Аляксандр Варонін, гукарэжысёр Павел Прохараў, графічны дызайнер Дзмітрый Калішук. У рабоце творчая каманда звяртаецца да дапамогі гісторыкаў, архівістаў, архітэктараў, філосафаў, псіхолагаў, сацыёлагаў", - гаворыць аўтар, рэдактар і кіраўнік цыкла фільмаў Алеся Зелянко.

Цыкл дакументальных фільмаў "Хатынь. Вайна без правіл" выйдзе ў эфір на тэлеканале "Беларусь 3" з 20 па 23 сакавіка ў 14:35 і 22:25.