Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Новы год на "Беларусь 3"
22 снежня 2017

У дні навагодніх святаў тэлеканал "Беларусь 3" пацешыць гледачоў паказам тэматычных праграм, серыяй выдатных канцэртаў і навагодніх кінафільмаў.

30 снежня а 7:35 гледачы ўбачаць спецыяльны выпуск праграмы "Сіла веры", які распавядзе пра рэлігійнае і свецкае, пра набажэнствы і навагоднія ранішнікі, пра святога Мікалая і Дзеда Мароза, а таксама адкажа на пытанне, хто хаваецца пад барадой.

А 10:00 гледачы "Беларусь 3" змогуць нацешыцца фальклорным шоу "Хата на хату", у якім сем'і - удзельніцы папярэдніх выпускаў збяруцца разам, каб выканаць свае любімыя песні і павіншаваць усіх з Новым годам.

А 10:55 "Беларуская кухня" пазнаёміць з новымі ўнікальнымі рэцэптамі. Гледачы змогуць скарыстацца падказкай вядучых і здзівіць блізкіх за навагоднім сталом.

Вынікі Года навукі а 11:55 падвядзе навукова-папулярны праект "Навукаманія".

Юбілейны канцэрт Іскуі Абалян "Геаметрыя пачуццяў", запісаны генеральным прадзюсерскім цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа а 18:40.

Любімая музычная камедыя "Звычайны цуд" з Алегам Янкоўскім, Ірынай Купчанка, Яўгенам Лявонавым і Аляксандрам Абдулавым прадоўжыць эфір а 16:20.

31 снежня а 12:55 у навагодняй праграме "Майстры і куміры" папулярная спявачка і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева разам з тэлегледачамі здзейсніць падарожжа ў мінулае, дзякуючы ўнікальным архіўным відэаматэрыялам Белтэлерадыёкампаніі, і распавядзе пра свой творчы шлях.

Новы святочны выпуск праекта "Беларуская кухня" пазнаёміць яшчэ з адным арыгінальным рэцэптам нашай краіны а 12:30.

А 13:50 аматары добрай музыкі змогуць убачыць канцэрт ансамбля ВІА "Сіняя птушка", які Белтэлерадыёкампанія запісала ў рамках міжнароднага музычнага фестывалю "Залаты шлягер - 2017", і парадавацца гучаннем упадабаных песень: "Ты мне не снишься", "Я иду тебе навстречу", "Мамина пластинка", "Так вот какая ты", "Пусть я ошибусь", "Три аккорда", "Клен" і іншымі.

Навагодні эфір прадоўжыць папулярны савецкі фільм "Карнавал" а 15:10.

А 17:40 увазе тэлеаўдыторыі будзе прапанаваны канцэрт "Бяседа" віншуе з Новым гадам". Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль народнай музыкі "Бяседа" павіншуе гледачоў са святамі і падорыць любімыя песні.

Музычная камедыя "Вяселле ў Малінаўцы" з Уладзімірам Самойлавым, Міхаілам Пугаўкіным, Людмілай Алфімавай і Яўгенам Лебедзевым выйдзе на "Беларусь 3" а 21:30.

А 23:00 сацыякультурны канал пакажа вялікі святочны канцэрт "Сустракаем Новы год разам", запісаны Генеральным прадзюсарскім цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі на міжнародным фестывалі "Залаты шлягер - 2017".

Прадоўжыць навагодняе свята ўжо ў 2018 годзе музычная камедыя "Чарадзеі", якая пачнецца а 01:00.

Аўтарскі канцэрт Алега Жукава, запісаны ў самай вялікай студыі медыяхолдынга "600 метраў" да юбілею паэта-песенніка, можна будзе ўбачыць а 03:30.

1 студзеня, у дзень юбілею беларускага графіка, паэта, лаўрэата літаратурнай прэміі "Залаты апостраф" Рыгора Сітніцы тэлеканал "Беларусь 3" пакажа святочную праграму "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" а 14:00.

А 21:05 аб каханні і цудах, якія здзяйсняюцца пад Новы год, распавядзе рамантычная навагодняя меладрама "Пяшчотная зіма" (Расія-Беларусь, 2005).

Падарункам для дзяцей, як заўсёды, стане "Калыханка", святочныя выпускі якой гледачы ўбачаць а 20:40.