Навіны

Навіны
Музыка
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2018”
6 чэрвеня 2018

8 і 9 чэрвеня ў Маладзечне пройдзе XVIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2018”. Тэлеканал “Беларусь 3” запрашае гледачоў разам акунуцца ў святочную атмасферу форуму, пабываць на галоўных канцэртных пляцоўках і атрымаць шмат уражанняў.

Напярэдадні фестывалю з 5 па 8 чэрвеня ў 13.40 ў эфіры “Беларусь 3” будуць прапанаваны канцэртныя праграмы фестывалю “Маладзечна” розных гадоў: “Залатая калекцыя беларускай песні” (2012 г.), “Спадчына песняроў” (2014 г.), “Белая Русь ты мая” (2016 г.) и “Песня мая - Беларусь” (2017 г.).

Тэматычна сёлетні фестываль прысвечаны Году малой радзімы, 80-годдзю Мінскай вобласці і творчасці народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка, які ў жніўні адсвяткуе вялікі юбілей.

Здымачная група “Беларусь 3” прасочыць за падрыхтоўкай да культурнага форуму, пабывае на рэпетыцыях і аператыўна паведаміць пра гэта ў выпусках навін.

8, 9 і 10 чэрвеня ў эфіры “Беларусь 3” будуць выходзіць спецвыпускі праграмы “Навіны культуры”. Аўтар і вядучая Ганна Панцялеева ў рэжыме нон-стоп пабывае на ўсіх мерапрыемствах фестывалю, пагутарыць з гасцямі, арганізатарамі, удзельнікамі і пераможцамі конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні і раскажа, чым жыве ў гэтыя насычаныя дні культурная сталіца Міншчыны.

Цэнтральнай падзеяй першага фестывальнага дня стане канцэрт - адкрыццё XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2018” “Мелодыя лёсу” - музычнае прысвячэнне лёсу і творчасці кампазітара Ігара Лучанка. Са спецыяльнай праграмай выступяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Гледачы “Беларусь 3” убачаць гэты канцэрт у эфіры тэлеканала 9 чэрвеня ў 22.40.

10 чэрвеня ў 22.25 телеканал прапануе вялікі канцэрт “Маладзечанскі зарапад”. На закрыцці фестывалю “Маладзечна-2018” вяступяць вядомыя артысты беларускай эстрады, сярод іх - Ядвіга Паплаўская, вакальная група “Чысты голас”, Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Іна Афанасьева, Надзея Мікуліч, Аляксей Хлястоў, Саша Нема, Анастасія Ціхановіч, Іскуі Абалян, Герман, група “Дразды” і іншыя.