Навіны

Навіны
Музыка
Месяц беларускай музыкі на "Беларусь 3"
3 кастрычніка 2017

Тэлеканал "Беларусь 3" аб’яўляе кастрычнік месяцам беларускай музыкі! Гледачоў чакаюць цікавыя прэм’еры, музычныя праекты, якія прадэманструюць багацце архіўнага фонду Белтэлерадыёкампаніі, а таксама ў эфіры з’явіцца шмат яркіх святочных канцэртных праграм.

З 7 кастрычніка кожную суботу а 10:00 гледачы тэлеканала "Беларусь 3" змогуць сачыць за праектам "Хата на хату". Гэта першае ў Беларусі фальклорнае шоу, у якім 10 яркіх, дружных і музычных сем’яў-удзельніц змагаюцца за адзін галоўны прыз - санаторна-курортны адпачынак для ўсёй каманды ў адной з папулярных беларускіх здраўніц.

У адборачным туры вядучыя праекта Ларыса Мятлеўская і Іван Крук адправяцца ў падарожжа па Беларусі ў пошуках таленавітых сем’яў. Кожная з іх пакажа сваю гасціннасць і ветлівасць, пазнаёміць з традыцыямі і гісторыяй рэгіёна, з сямейнымі звычаямі, а галоўнае - прадэманструе свае таленты.

Затым пойдуць хата на хату: сем’і сыдуцца ў музычных батлах, спеўных конкурсах і бітвах талентаў. Па выніках гэтых спаборніцтваў 4 сям’і будуць запрошаныя ў сталіцу, дзе адбудзецца падрыхтоўка да вялікага фінальнага канцэрта з запрошанымі зоркамі беларускай эстрады. Фіналісты будуць рыхтавацца, каб на вялікай сцэне на ўсю краіну прадэманстраваць хараство беларускай песні і паказаць сваю сям’ю.

У першым выпуску праект “Хата на хату” пазнаёміць гледачоў з сям’ёй Сахонь з пасёлка Маладзёжны Лідскага раёна. Гродзеншчына - край цікавы і самабытны, багаты на людзей працавітых і таленавітых. Сям’я Сахонь пакажа сваё непаўторнае творчае аблічча, распавядзе, як з захапленнем і натхненнем адраджае народныя традыцыі і зберагае спадчыну роднай зямлі. Лідзія Сахонь раскажа цікавую гісторыю, як ствараўся сямейны ансамбль і як зараз кожнае пакаленне гэтай сям’і далучаецца да свету музыкі і народнай песні.

У кастрычніку на тэлеканале з’явяцца новыя выпускі праектаў, якія паспелі спадабацца гледачам. У суботу ў праграме “Беларусь як песня” народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў працягне распавядаць пра цудоўныя кампазіцыі савецкага часу ў выкананні артыстаў айчыннай эстрады 70-80 гадоў. У наступных выпусках можна будзе пачуць малавядомыя і цікавыя факты з жыцця і творчасці Наталлі Гайды і ўдзельніц ансамбля “Чараўніцы”. Гледачы даведаюцца, як бацька Валерыя Кучынскага звольніўся з арміі, каб сын паступіў у кансерваторыю, а той, калі быў студэнтам, стаў пераможцам не аднаго міжнароднага конкурсу.

Чарговымі музычнымі дуэлямі парадуе праект “Песні пад гітару”. Кожны тыдзень з аўторка па пятніцу ў эфіры канала запрошаныя эксперты і тэлегледачы выбіраюць лепшага барда. Удзельнікі выконваюць свае самыя вядомыя песні, каб пазмагацца за права выступіць на фінальным нядзельным вечары, дзе падводзяцца вынікі галасавання. Вядучы праекта – Анатоль Длускі.

Спецыяльныя выпускі праектаў “Камертон”, “Майстры і куміры”, “Святло далёкай зоркі” на “Беларусь 3” таксама прысвечаны беларускім музыкам.

8 кастрычніка тэлеканал павіншуе з 70-годдзем беларускага дырыжора, народнага артыста і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандра Анісімава. А 12:45 “Беларусь 3” пакажа канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад яго кіраўніцтвам, а ў 14:20 - выпуск праграмы “Камертон”, прысвечаны юбілею Аляксандра Міхайлавіча.

Акрамя таго, генеральны прадзюсерскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі рыхтуе для эфіру серыю канцэртаў з Міжнароднага музычнага фестываля “Залаты шлягер - 2017”, якую ў кастрычніку ўбачаць гледачы “Беларусь 3”.

Сацыякультурны тэлеканал запрашае ўсіх меламанаў далучыцца да прагляду незабыўных канцэртаў і цікавых музычных праграм. Адзначым пры гэтым, што ў эфіры па-ранейшаму будзе прысутнічаць жанравая разнастайнасць, і прыхільнікі музыкі ўбачаць сімфанічныя, харавыя, эстрадныя, джазавыя, фальклорныя і іншыя тэлеверсіі канцэртаў.