Навіны

Навіны
Кіно
Месяц беларускага кіно на "Беларусь 3"
30 лістапада 2017

У рамках святкавання Дня беларускага кіно, які ў нашай краіне адзначаецца 17 снежня, тэлеканал "Беларусь 3" увесь першы месяц зімы прысвеціць мастацкім і дакументальным фільмам, створаным Белтэлерадыёкампаніяй і кінастудыяй "Беларусьфільм" у розныя гады.

З 4 снежня ў эфіры беларускія кінастужкі, мультфільмы і тэматычныя праграмы. Папярэднічаць прагляду карцін будуць сустрэчы з вядомымі майстрамі кіно і мастацтва.

З панядзелка ў 12:45 пачне выходзіць цыкл хранікальна-дакументальных фільмаў "Сінематэка" пра гісторыю і развіццё беларускага кіно. Кожны выпуск будзе прысвечаны пэўнаму перыяду кінаіндустрыі Беларусі.

Як змяніліся і чым сёння займаюцца акцёры, якія сыгралі ўпадабаных герояў у дзіцячых фільмах "Прыгоды Бураціна", "Пра Чырвоную Шапачку", "Пітэр Пен", гледачы "Беларусь 3" змогуць убачыць з панядзелка па пятніцу а 12:20 у праекце "Старыя казкі".

Гісторыка-прыгодніцкі тэлевізійны шматсерыйны фільм "Дзяржаўная граніца" пра службу пагранічнікаў, зняты кінастудыяй "Беларусьфільм", будзе выходзіць на сацыякультурным канале з аўторка па пятніцу ў 21:05.

Прэм'ерай снежня стане аўтарская праграма Уладзіміра Арлова "Люблю і памятаю", першы выпуск якой гледачы ўбачаць ужо 9 снежня. Вядомы беларускі рэжысёр, сцэнарыст, драматург, пісьменнік Уладзімір Аляксандравіч успомніць тых, з кім у свой час яго звёў лёс. Ён адкрые малавядомыя факты біяграфіі знакамітых кінематаграфістаў, пісьменнікаў, кампазітараў і акцёраў, з якімі сябраваў, працаваў і меў цесныя зносіны. Першыя выпускі новага праекта прысвечаны рэжысёру і заслужанаму дзеячу мастацтваў РФ Валерыю Рубінчыку, народнаму артысту СССР і рэжысёру Уладзіміру Корш-Сабліну, знакамітым пісьменнікам Беларусі Уладзіміру Караткевічу і Кандрату Крапіве.

Таксама ў снежні ў рамках праграмы "Навіны культуры" з'явіцца спецыяльная рубрыка, якая будзе распавядаць пра сучаснае развіццё Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

У рамках праекта "Час кіно" кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Сцяжко пазнаёміць тэлегледачоў "Беларусь 3" з вынікамі Нацыянальнага конкурсу беларускіх фільмаў, які чацвёрты раз праходзіў на Міжнародным кінафестывалі "Лістапад".

Гасцямі праграмы стануць рэжысёры карцін-дыпламантаў. Анімацыйныя фільмы "Нянечкіны казкі" Алены Пяткевіч і "Тошка і сябры. Тошка і гераічны ўчынак" Аляксандра Ленкіна гледачы ўбачаць 13 снежня, дакументальны фільм "Агмень" рэжысёра Юрыя Цімафеева пакажуць на канале 14 снежня, а 15 снежня ў эфір выйдзе ігравы кароткаметражны фільм "Юбілей" выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Арсенія Ільяных.

Традыцыйна ў пятніцу вечарам у рамках праграмы "Час кіно" будуць паказаны дыпломныя студэнцкія работы выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вядучы праекта - акцёр, сцэнарыст, рэжысёр, дэкан кафедры экранных мастацтваў БДАМ, прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Павел Іваноў. Ён не толькі пазнаёміць гледачоў з фільмамі выпускнікоў БДАМ, але і ацэніць гэтыя работы, а таксама распавядзе пра той час, калі здымалася карціна, і як склалася жыццё стваральнікаў кінастужак.

17 снежня, у Дзень беларускага кіно, гледачоў сацыякультурнага канала чакае адразу некалькі прэм'ер. Мастацкі фільм Аляксандра Анісімава "Сляды на вадзе" распавядзе пра барацьбу беларускай міліцыі з бандытызмам у пасляваенныя гады.

Жыццё і творчасць выбітнага кінарэжысёра, народнага артыста СССР Віктара Турава, аўтара карцін "Праз могілкі", "Я родам з дзяцінства", "Вайна пад стрэхамі", "Сыны ідуць у бой", "Пункт адліку", "Людзі на балоце" і іншых, тэлегледачы ўбачаць у дакументальным фільме Яўгена Сяцько "Віктар Тураў. Подых жыцця".

Прадоўжыць тэматычны эфір і дакументальны фільм "Чорны крумкач", які закране тэму ваеннапалонных Другой сусветнай вайны - адну з асноўных у творчасці кінарэжысёра Анатоля Алая. І гэта не выпадкова, бо ваеннапалонным быў і яго бацька, ваенурач Іван Аляксеевіч Алай, які прапаў без вестак у першыя дні бітвы пад Беластокам. Усё жыццё сын шукаў бацьку, і толькі праз нейкі час з'явілася магчымасць раскрыць лёс дарагога яму чалавека: імя Івана Аляксеевіча значыцца ў архівах нямецкага аб'яднання "Саксонскія мемарыялы". Фільм-расследаванне расставіць усе кропкі над і ў гэтай гісторыі.

Больш падрабязна пра жыццё і творчасць рэжысёра Анатоля Алая гледачы даведаюцца з прэм'ернага выпуску цыкла "Камертон", які таксама выйдзе ў эфір 17 снежня.

У Дзень беларускага кіно ў эфіры сацыякультурнага канала будуць дэманстравацца новыя анімацыйныя фільмы, створаныя Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм". Маленькія гледачы ўбачаць мультфільмы "Вясёлыя літары", "Чараўніцтва ў дзіцячым садзе", "Акіяны", "Баявая машына" і інш.