Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Калектыў праекта "Майстры і куміры" атрымаў прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
29 красавіка 2019

Калектыў праекта "Майстры і куміры" атрымаў ганаровую прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне журналістыкі з прысуджэннем звання "Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі".

Так, сёлета ўдастоіліся прэміі, дыплома і ганаровага знака аўтар ідэі, рэдактар і аўтар перадачы Ала Вярэніч; вядучая праекта Марына Драгіна; прадзюсар, рэжысёр і аўтар выпускаў Сяргей Кацьер і рэжысёр Алена Марціноўская. 

Праект "Майстры і куміры" выходзіць у эфіры "Беларусь 3" з 2016 года. Вядучая праграмы Марына Драгіна і госці студыі - знакамітыя дзеячы беларускай культуры - успамінаюць майстроў, якія былі кумірамі для розных пакаленняў, і звяртаюцца да культурнай спадчыны, якая захоўваецца ў архівах Белтэлерадыёкампаніі. Гэта рэдкія і ўнікальныя запісы з удзелам беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, артыстаў, оперных і эстрадных выканаўцаў, грамадскіх дзеячаў. Асаблівую каштоўнасць маюць тэлевізійныя спектаклі, у якіх занятыя знакамітыя майстры беларускай сцэны розных пакаленняў. 

"Майстры і куміры" знаёмяць з фондамі Белтэлерадыёкампаніі, якія налічваюць тысячы адзінак тэлевізійнай прадукцыі. Дзякуючы праекту яны становяцца больш даступнымі для гледачоў і распавядаюць аб гісторыі беларускага мастацтва, жыцці і творчасці адораных людзей нашай краіны і блізкага замежжа.