Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Дзень Незалежнасці на «Беларусь 3»
3 ліпеня 2021

Дзень Незалежнасці прапануем адзначыць на нашым тэлеканале. У святочныя выхадныя глядзіце праекты і стужкі айчыннай вытворчасці, сярод якіх ёсць і некалькі прэм'ер!

3 ліпеня а 18:05 прадставім фільм «Генерал Корж». Карціна раскажа пра Героя Савецкага Саюза, стваральніка і камандзіра аднаго з першых у Беларусі партызанскіх атрадаў Васіля Захаравіча Каржа. 

3 і 4 ліпеня заспейце прэм'еры! У 13:40 і 13:45 адпаведна мы прапануем два канцэрты «Маладыя таленты Беларусі». Наш тэлеканал запісаў іх па выніках аднайменнага конкурсу, у дзясяты раз зладжанага Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё. Пад акампанемент сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі ў імпрэзах выступяць пераможцы і лаўрэаты музычнага спаборніцтва.

4 ліпеня ў нашым эфіры адбудзецца яшчэ адна прэм'ера. А 12:10 прэзентуем канцэрт ад зорак Вялікага тэатра Беларусі. Гэтая падзея будзе прысвечана Дню Незалежнасці.

У нядзелю а 18:05 упершыню пабачыць свет і гістарычная карціна пра Вітольда Карлавіча Цэраскага – астрафізіка, нашага земляка, выпускніка слуцкай гімназіі. Кіно «Вітольд Цэраскі. «De Rebus Omnibus» створанае Майстэрняй Уладзіміра Бокуна ў межах цыкла «100 імёнаў Беларусі».

Таксама «Беларусь 3» падрыхтаваў рэтраспектыву ігравога кіно. 3 і 4 ліпеня ў нашым эфіры – «Белыя росы», «Казка пра Зорнага хлопчыка», «У жніўні 44-а...», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Чаклун і Румба», мультфільмы «Беларуская азбука» і «Чараўніцтва ў дзіцячым садку».

Апрача таго, святочным напаўненнем нашага тэлеканала стануць канцэрты Фестывалю армейскай песні «Зорка» ды ўрачыстага закрыцця форуму «Маладзечна–2021». Можна будзе паслухаць і «Песні ваенных гадоў» у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, спадчыну «Песняроў», асэнсаваную Пятром Ялфімавым.