Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Эфірная акцыя "Майстры культуры - ветэранам"

У рамках сумеснай акцыі Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства культуры нашай краіны тэлеканал "Беларусь 3" правядзе запіс і прэм'ерны паказ некалькіх спектакляў і канцэртных праграм ваенна-патрыятычнай тэматыкі з рэпертуара сталічных тэатраў. 

Спецыяльна для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія правядуць святочныя дні 75-годдзя Перамогі дома, "Беларусь 3" перанясе на экраны тэлевізараў мінскія тэатральныя сцэны і канцэртную залу Белдзяржфілармоніі.

Так, падчас эфірнай акцыі "Майстры культуры - ветэранам" 12 мая а 21:55 на канале будзе паказаны спектакль-канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Вельмайстар - акардэон", які складаецца з 18 песень ваеннай тэматыкі паэта і кампазітара Марка Мермана ў выкананні артыстаў-купалаўцаў і суправаджаецца відэарадам з рэдкіх кадраў кінахронікі Другой сусветнай вайны.

13 мая а 21:55 тэлеканал прапануе спектакль "Дзед" Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Трагікамедыя Дзяніса Паршына паводле п'есы Вячаслава Паніна – гэта тонкая эмацыйная спроба разабрацца ў маральных і духоўных праблемах сучаснасці.

Плануецца таксама, што ў маі тэлегледачы ўбачаць канцэртную праграму да 75-годдзя Вялікай Перамогі "І памятае свет выратаваны" з удзелам творчых калектываў Белдзяржфілармоніі.

Дарэчы, акцыя "Майстры культуры - ветэранам" прадоўжыцца да канца юбілейнага, 75-га года Вялікай Перамогі, а значыць, тэлегледачоў "Беларусь 3" у эфіры чакае яшчэ больш тэматычных прэм'ер!