Навіны

Навіны
Кіно
Лепшыя фільмы нацыянальнага конкурсу "Лістапад-2019"
25 лістапада 2019

З 26 па 29 лістапада тэлеканал "Беларусь 3" прадставіць гледачам спецыяльныя выпускі праекта "Час кіно", прысвечаныя XXVI Мінскаму міжнароднаму кінафестывалю "Лістапад" і 95-годдзю беларускага кінематографа. У праграме анімацыйныя і гульнявыя стужкі - удзельнікі і прызёры нацыянальных конкурсаў фестывалю, а таксама сустрэча з іх аўтарамі.

У аўторак, 26 лістапада, а 19:00 госцем спецвыпуска праекта "Час кіно" стане Ірына Кадзюкова. Яна стаяла ля вытокаў айчыннай анімацыі, стварыла больш за 15 фільмаў, неаднаразова адзначаных на самых прэстыжных міжнародных кінафестывалях, а сёлета на "Лістападзе" паказала сваю новую работу "Дантэ. Беатрычэ", якую ўбачаць і гледачы "Беларусь 3".

27 лістапада ў той жа час на праект "Час кіно" прыйдзе мастак-пастаноўшчык фільма "Чартапалох" Ірына Забэла. На нядаўнім міжнародным анімацыйным фестывалю "Анімаўка" ў Магілёве гэта работа была названа лепшым беларускім фільмам. Рэжысёр карціны - Яўген Надточай.

28 лістапада гледачы сустрэняцца з лаўрэатам шматлікіх анімацыйных конкурсаў і фестываляў Аленай Пяткевіч і ўбачаць яе новы твор "Магістр вольных мастацтваў", які сёлета на "Лістападзе" быў названы лепшым нацыянальным мультфільмам.

Завершыць тэматычны цыкл выпускаў праграмы "Час кіно" 29 лістапада а 19:00 сустрэча з рэжысёрамі Кірылам Галіцкім і Святланай Казлоўскай і прагляд іх сумеснага кароткаметражнага фільма "Пляж/Лес/Тамбур". Ён перамог на нацыянальным конкурсе як лепшы гульнявы фільм з фармулёўкай "За прастату гісторыі, мінімалістычныя сродкі і добрае выкананне, якое выклікае моцнае пачуццё ў гледачоў".