Навіны

Навіны
Музыка
Канцэрты фестывалю Юрыя Башмета пакажа "Беларусь 3"
2 кастрычніка 2019

Белтэлерадыёкампанія правядзе запіс пяці канцэртных праграм XIV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ўпершыню на новай тэхніцы і ў фармаце HD. Тэлеверсіі выступленняў сусветна вядомых музыкантаў убачаць гледачы канала "Беларусь 3" у кастрычніку.

Усе тэлеверсіі канцэртных праграм фестывалю ў эфіры "Беларусь 3" будуць выходзіць у выхадныя дні а 21:05.

12 кастрычніка сацыякультурны канал прапануе праграму "Усход-Захад", у якой Міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера выступіць разам з вядомым турэцкім піяністам Фазылам Саем на сцэне Белдзяржфілармоніі. 

13 кастрычніка ў эфіры "Беларусь 3" выйдзе праграма "Легенды фартэпіяна", саліст - заслужаны артыст Расіі Барыс Беразоўскі. Ён выканае творы Равеля, Дэбюсі, Стравінскага і Пракоф’ева на сцэне Вялікай філарманічнай залы.

19 кастрычніка тэлегледачы спусцяцца ў сталічную падземку - прама на станцыі "Пятроўшчына" дасць канцэрт "Ноч класікі ў метро! Модная версія" Міжнародны камерны аркестр East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера. Дарэчы, сёлета падземнае выступленне музыкантаў будзе суправаджацца модным паказам на подыуме.

20 кастрычніка на трэцяй кнопцы выйдзе ў эфір вартая ўвагі праграма "Візуалізацыя. Музыка і гісторыя". У ёй аркестр Расціслава Крымера разам з самай вядомай скрыпачкай Іспаніі Летыцыяй Марэна выканаюць на сцэне Белдзяржфілармоніі творы П’яцолы і Вайнберга, а суправаджаць выступленне музыкантаў будзе ўнікальнае галаграфічнае шоу, якое распавядзе пра жыццё і кампазітарскую творчасць Майсея Вайнберга - сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня яго нараджэння. Адзначым, што ў Мінску сімфанічны канцэрт у такім фармаце пройдзе ўпершыню.

26 кастрычніка "Беларусь 3" пакажа ўрачыстае закрыццё фестывалю на сцэне Белдзяржфілармоніі - вялікі канцэрт уладальнікаў прэміі "Грэмі" Камернага ансамбля "Салісты Масквы" пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета.