Навіны

Навіны
Кіно
Беларускія дакументалісты ў праекце "Час кіно"
30 верасня 2019

З 4 кастрычніка ў эфіры "Беларусь 3" новыя выпускі праекта "Час кіно", прымеркаваныя да 95-годдзя айчыннага кінематографа. Гэтым разам у цыкле праграм сацыякультурны канал не толькі пакажа новае і лепшае нацыянальнае дакументальнае кіно, але і пазнаёміць гледачоў з яго аўтарамі.

Госцем першай праграмы стане кінарэжысёр і аператар, народны артыст Беларусі Анатоль Алай. Ён прапануе гледачам сваю новую работу "Доктар Шуба" (Беларусь, 2019), у цэнтры кінаапавядання якой лёс выбітнага беларускага хірурга, былога галоўнага ўрача 1-й клінічнай бальніцы Мінска, заслужанага ўрача БССР, Героя Сацыялістычнай Працы Аляксея Іванавіча Шубы.

Драматычную ролю ў яго лёсе сыграла Вялікая Айчынная. У пачатку вайны малады доктар узначаліў санітарны цягнік, дзе меў пад сваім кіраўніцтвам толькі пяцьдзясят маладых медсясцёр і санітарак. Фарміруючы цягнік у спешцы, яго забылі забяспечыць надзейнай аховай і ён быў разгромлены. З гэтага моманту і пачаліся няшчасці, якія будуць праследаваць Аляксея Шубу ўсё жыццё…

У дзвюх наступных праграмах гледачы сустрэнуцца з Вольгай Дашук і паглядзяць яе фільм "Полацкі вальс" (Беларусь, 2018), а таксама з Юрыем Цімафеевым, які прэзентуе сваю стужку "Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі" (Беларусь, 2017). 

Новыя выпускі праекта "Час кіно", прысвечаныя беларускай кінадакументалістыцы, будуць традыцыйна выходзіць у эфіры сацыякультурнага канала кожную пятніцу. Сустрэча з Анатолем Алаем і паказ фільма "Доктар Шуба" адбудуцца 4 кастрычніка ў 22:25.