Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Тэматычны эфір да Дня Незалежнасці
2 ліпеня 2019

3 ліпеня тэлеканал прапануе сваім гледачам святочны тэматычны эфір, напоўнены кантэнтам выключна беларускай вытворчасці. У праграме - паказ айчынных кінастужак, урачыстыя канцэртныя праграмы і лепшыя выпускі праекта "Жывая культура" пра нематэрыяльную культурна-гістарычную спадчыну краіны. Акрамя  гэтага, на працягу ўсяго дня на канале будзе выходзіць прэм'ерны цыкл відэаролікаў "Музыка Перамогі" з удзелам заслужанага калектыву "Духавы аркестр ГУУС Мінгарвыканкама". 

Раніцай а 07:45 у эфір выйдзе гераічная кінааповесць Мікалая Фігуроўскага "Гадзіннік  спыніўся апоўначы" ("Беларусьфільм", 1958). У аснове сюжэта фільма - сапраўдныя падзеі аперацыі па ліквідацыі мінскага гаўляйтара Вільгельма Кубэ.

А 09:50 гледачы ўбачаць народную камедыю аб мірным жыцці - фільм Ігара Дабралюбава "Белыя Росы" ("Беларусьфільм", 1983).

Падхопіць дзённы эфір а 11:15 юбілейная канцэртная праграма "Зорны карагод" Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі. 

Следам а 13:05 тэлеканал пакажа ваенную драму Міхаіла Пташука "У жніўні 44-га" (Беларусь - Расія, 2000). Стужка апавядае пра атрад  адважных разведчыкаў, якія павінны ліквідаваць групу варожых лазутчыкаў. 

А 15:30 "Беларусь 3" пакажа канцэрт беларускай песні "Каб памяць зберагчы..." да 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, запісаны ў сталічным Доме афіцэраў.

Адразу пасля канцэрта ў эфір выйдзе стужка Маргарыты Касымавай і Івана Паўлава паводле  раманаў Івана Шамякіна "Глыбокая плынь" ("Беларусьфільм", 2005). Згодна з сюжэтам,  былы загадчык аддзела выканкама Іван Антанюк становіцца камандзірам партызанскага атрада. Яму прыйшлося вучыцца прымаць правільнае рашэнне ў арганізацыі партызанскага руху, знаходзіць выйсце ў складаных ваенных  сітуацыях, зведаць гаркату страт і зараджэнне глыбокага пачуцця кахання…

Працягне тэматычны эфір а 18:45 урачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў "Вызваленне", прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 75-й гадавіне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Увечар а 21:05 гледачы ўбачаць драму Дзяніса Скварцова "Дняпроўскі рубеж" ("Беларусьфільм", 2009). У аснове фільма - гераічная абарона Магілёва, так званы Дняпроўскі рубеж - рэальная гістарычная падзея. Як лічаць шматлікія гісторыкі, у гэтым ваенным  эпізодзе - вытокі савецкай перамогі. Сіламі мірных жыхароў горада і байцамі РСЧА варожае наступленне тут было спынена на тры тыдні.

Завершыць святочны эфір фестываль армейскай песні "Звязда" а 23:15.