Навіны

Навіны
Музыка
Рэканструкцыю "Пакут па Марку" І.С. Баха

26 мая "Беларусь 3" пакажа ўсходнееўрапейскую прэм'еру канцэрта, запісанага творчай групай тэлеканала ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі, - рэканструкцыю "Пакут па Марку" І.С. Баха для салістаў, хору і аркестра. Дырыжор і аўтар рэканструкцыі - нямецкі кампазітар, клавесініст-віртуоз Ёрн Бойзен. 

Праз год карпатлівай працы над страчаным бахаўскім пасіёнам, вывучэння філасофскіх трактатаў, кніг па эстэтыцы і рыторыцы эпохі барока Ёрн Бойзен прапанаваў сусветнай супольнасці рэканструяваную версію "Пакут па Марку", падчас стварэння якой ён уласнаручна напісаў страчаныя рэчытатывы ў барочным стылі, лічачы недапушчальным выкарыстанне "латак" з іншых твораў Баха. Прытым вялікая частка музычнага тэксту "Пакут", што належала пяру Баха, засталася нязменнай.

Беларускую прэм'еру грандыёзнага духоўнага твора першымі змогуць убачыць гледачы сацыякультурнага тэлеканала. У міжнародным праекце пад кіраўніцтвам і прадзюсаваннем Яўгена Бушкова вакальныя партыі выканалі тэнар Бенджамін Глаўбіц (у ролі Евангеліста; Германія), бас-барытон Джуліян Рэдлін (у ролі Хрыста; Германія), салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета: сапрана Таццяна Гаўрылава і мецца-сапрана Наталля Акініна, а таксама хор Беларускай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам прафесара Інесы Бадзякі. 

Дарэчы, вестка пра тое, што ў нашай краіне ёсць хор сусветнага ўзроўню, які валодае самымі рознымі стылямі выканання, у тым ліку барочным, схіліла маэстра Бойзена прыехаць у Беларусь і стаць ля дырыжорскага пульта, узначаліўшы і хор, і ансамбль расійскіх музыкантаў, што валодае ігрой на інструментах эпохі барока і  неаднаразова супрацоўнічаў з ім, а таксама выканаўцаў заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага аркестра.

Такое супрацоўніцтва пры пастаноўцы буйнога духоўнага твора І.С. Баха заклікана ўзняць цікавасць у музычных колах краіны да традыцый барочнага музіцыравання, да развіцця мясцовай нацыянальнай школы выканальніцтва на старажытных інструментах, а таксама звярнуць увагу кіраўніцтва музычных устаноў на неабходнасць пашырэння інструментальна-тэхнічнай базы. 

Далучыцца да музычнай падзеі сусветнага маштабу ўсе аматары класічнай музыкі змогуць 26 мая а 15:00 у эфіры "Беларусь 3".