Навіны

Навіны
Тэлебачанне
Да міжнароднага жаночага дня
5 сакавіка 2019

Спецыяльна да першага вясновага свята тэлеканал "Беларусь 3" падрыхтаваў тэатральную тэлепрэм'еру - 8 сакавіка а 14:20 гледачы ўбачаць балет Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета "Рамэа і Джульета" ў новай аўтарскай рэдакцыі народнага артыста СССР і Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянціна Елізар’ева.

Харэаграфія Елізар’ева заўсёды вылучалася наватарствам, ён шукаў цікавыя ідэі, здзіўляў нечаканымі рэжысёрскімі рашэннямі. Так, у дуэльных сцэнах з'явіўся новы вобраз, які да Елізар’ева не выдзяляў ніводны лібрэтыст і пастаноўшчык, - персаніфікаваная Варожасць. І зараз аматары балета ўбачаць абноўленую пастаноўку, прэм'ера якой адбылася летась у снежні. Дарэчы, на здымках была задзейнічана адна з новых суперсучасных ПТС медыяхолдынга, дзякуючы высокатэхналагічнаму абсталяванню ў аб'ектывы тэлевізіёншчыкаў трапіў кожны рух артыстаў.

У рамках святочнага кінапаказу ў эфір выйдуць вядомыя савецкія фільмы - казка "Марозка" (08:05), меладрама "Вясна на Зарэчнай вуліцы" (10:45), камедыя "Карнавал" (16:05) і карціна "Упершыню замужам" (21:05).

Вясновы настрой падтрымаюць і канцэрты "Славянскага базару ў Віцебску - 2018". А 18:35 гледачоў чакаюць душэўныя шлягеры ў праграме "Залаты хіт", а палымяныя "Рытмы лета" а 22:40 завершаць эфірны дзень на тэлеканале.