Навіны

Навіны
Гісторыя
У памяць аб ахвярах халакосту
24 студзеня 2019

27 студзеня, у дзень, калі савецкія войскі вызвалілі канцэнтрацыйны лагер Асвенцым, адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту. На гэтым тыдні тэлеканал "Беларусь 3" прапануе гледачам дакументальны цыкл "Хроніка Мінскага гета" вытворчасці "Майстэрні Уладзіміра Бокуна". Чацвёртая частка серыі, карціна "Зондэргета", будзе паказаная ўпершыню на канале.

Фільм "Хроніка Мінскага гета" - гэта аповед аб трагедыі вязняў яўрэйскага гета ў беларускай сталіцы. Дзеці, жанчыны, старыя… Яўрэі Германіі, Аўстрыі, Чэхіі… Доўгія гады лічылася, што гісторыя Мінскага гета завяршылася 21 кастрычніка 1943 года. На карце беларускай сталіцы быў пастаўлены штамп "Свабодна ад яўрэяў". Мала хто ведаў, што ў падвале дома, які стаяў на самым краі зачыненай тэрыторыі, хаваюцца некалькі габрэйскіх сямей - 26 чалавек. У іх быў свой летапіс Мінскага гета. На 9 месяцаў даўжэйшы, чым афіцыйны. У дзень вызвалення Мінска, 3 ліпеня 1944 года, з падполля выйшлі 13 чалавек. 13 з 26.

Здымачнай групе ўдалося сабраць унікальныя дакументы і ўспаміны ў адным фільме. У аснове сюжэта - аповяд аб групе вязняў, якія выжылі пасля таго, як гета ў Мінску было цалкам знішчана. Здымкі праходзілі ў Беларусі, ЗША, Ізраілі, Польшчы.

У памятны дзень 27 студзеня "Беларусь 3" прапануе а 16:10 прэм'еру стужкі "Зондэргета" (рэжысёр Людміла Клінцова, Беларусь, 2018), працяг цыкла "Хроніка Мінскага гета". У верасні 1941 года ў Мінск прыбыў незвычайны пасажырскі цягнік з Гамбурга. Усе яго пасажыры былі адной нацыянальнасці - яўрэі. Яны думалі, што едуць асвойваць новыя тэрыторыі. У дарогу дазвалялася браць невялікі багаж, дакументы, грошы. Пасажыры аплачвалі праезд. У Мінску іх размясцілі ў асаблівым раёне Мінскага гета – “зондэргета”. Бо першыя перасяленцы былі з Гамбурга, усіх яўрэяў з Еўропы сталі называць "гамбургскімі". Пазней прыбылі эшалоны з іншых гарадоў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, але ўсіх пасажыраў гэтых саставаў "старажылы" Мінскага гета ўсё роўна звалі "гамбургскімі" яўрэямі.

Паводле даных, якія існуюць, у раён Мінска ў 1941-1942 гг. было накіравана 7 эшалонаў з яўрэямі з Германіі (6428 чалавек), 10 саставаў з Аўстрыі (10476 чалавек) і 7 - з Чэхіі (7000 чалавек). Усяго 23904 чалавекі. Іх забівалі за некалькі кіламетраў ад Мінска - у Малым Трасцянцы. Выжылі адзінкі. Ёсць звесткі, што сярод "гамбургскіх" яўрэяў сустракаліся выхадцы Польшчы, Венгрыі і Францыі.

Героі фільма - дзеці вайны з Германіі, Канады, Вялікабрытаніі, якія не павінны былі ўцалець. Але яны выжылі. Яны - сведкі жахлівага злачынства. Пакуль яны жывыя і здольныя распавесці аб адной з самых страшных трагедый у гісторыі чалавецтва, жывая памяць. Памяць аб мінулым, а значыць, ёсць спадзяванне, што такая трагедыя не паўторыцца.