Навіны

Навіны
Літаратура
Да народзінаў Максіма Багдановіча
6 снежня 2018

9 снежня, у дзень нараджэння Максіма Багдановіча, тэлеканал “Беларусь 3” пакажа выпуск праекта “Запіскі на палях” і канцэртную праграму Уладзіміра Мулявіна “Вянок” - цыкл песень на вершы несмяротнага лірыка. Апроч гэтага, ужо зараз на канале выходзіць серыя ролікаў, у якіх дзеячы культуры і мастацтва Беларусі чытаюць свае любімыя творы Максіма Багдановіча - у нядзельным эфіры паэзіі стане яшчэ больш.

У серыі міжпраграмных відэаролікаў, прымеркаваных да дня нараджэння паэта, свае любімыя вершы Максіма Багдановіча чытаюць людзі, вядомыя ў свеце мастацтва і культуры Беларусі: Марына Запартыка, Уладзімір Мішчанчук, Вячаслаў Шарапаў, Алена Спірыдовіч, Віктар Цыркуновіч і іншыя.

А 22:25 выпуск праграмы “Запіскі на палях. Максім Багдановіч: з дому на Радзіму” распавядзе гледачам аб тым, што не ўвайшло ні ў адзін падручнік па беларускай літаратуры, і дапаможа зірнуць на паэзію Максіма Багдановіча з іншага ракурсу.

У завяршэнні нядзельнага вечара а 22:50 "Беларусь 3" прапануе гледачам цыкл песень Уладзіміра Мулявіна “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча, які “Пясняры” ўпершыню выканалі ў Нью-Ёрку 31 кастрычніка 1991 года, а месяцам пазней, 9 снежня, на сцэне Белдзяржфілармоніі. З тых часоў праграма выконвалася толькі ўрыўкамі, а нотны матэрыял лічыўся згубленым. Адносна нядаўна ў прыватных архівах быў знойдзены ўнікальны запіс рэпетыцыйнага прагону цыкла, на аснове якога быў адноўлены ўнікальны песенны праект ансамбля пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна.

Канцэрт, які ўбачаць гледачы, прайшоў у Белдзяржфілармоніі ў 2018 годзе. Адроджаны цыкл песень на вершы Максіма Багдановіча прагучыць у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, дырыжор - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко.