Навіны

Навіны
Кіно
Фільмы-прызёры "Лістапада-2018"
27 лістапада 2018

З 27 па 29 лістапада ў эфіры "Беларусь 3" ў спецыяльных выпусках праграмы "Час кіно" па выніках XXV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2018" гледачы ўбачаць беларускія стужкі, якія сталі прызёрамі і дыпламантамі нацыянальнага конкурсу найбуйнейшага ў краіне кінафоруму. Вядучая тэматычных выпускаў праграмы "Час кіно" - вядомы кінакрытык Людміла Саянкова-Мяльніцкая.

27 лістапада на "Час кіно" зазірне Аляксей Палуян - удзельнік шматлікіх кінафестываляў, які паспяхова працуе з дакументальным і ігравым кароткім метрам. На 25-м "Лістападзе" быў паказаны яго ігравы фільм "Парушэнне спакою", а на леташнім фестывалі ён удастоіўся Спецыяльнага прыза Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі "За вернасць маральным ідэалам у кінамастацтве" за дакументальную кароткаметражку "Край жанчын" (Беларусь, 2017), якую гледачы змогуць паглядзець у аўторак а 22:25. Гэта фільм пра апошніх жыхарак беларускай вёскі Любейкі, якія, перажыўшы не толькі сваіх мужоў, але і дзяцей, не страцілі жыццёвыя сілы і жаданне жыць.

28 лістапада а 22:25 госцем праграмы стане Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, чый фільм "Франка" (Беларусь, 2018) з кінаальманаха "Вайна. Застацца чалавекам" удастоіўся дыплома "За выдатнае візуальнае рашэнне" на кінафестывалі "Лістапад". Сюжэт фільма распавядае аб бессэнсоўнасці і жорсткасці вайны, аб збавенні. Кроў за кроў - вось асноўны прынцып вайны. Помста - гэта першае пачуццё, якое ўспыхвае ў жанчынах, якія знайшлі прытулак на невялікім хутары, калі да іх у рукі трапляе паранены нямецкі салдат. Яны ледзь не забіваюць яго, як гэта хацела зрабіць Франка, спаганяючы гнеў за сваіх загінуўшых дзяцей. Але нават у жорсткіх акалічнасцях вайны жаночая міласэрнасць перамагае нянавісць.

29 лістапада а 22:25 "Час кіно" будзе прысвечаны беларускай анімацыі, а госцямі стануць лаўрэаты "Лістапада-2018" Святлана Катлярова і Наталля Дарвіна. Гледачы ўбачаць адразу тры анімацыйныя стужкі, адзначаныя сёлета кіназнаўцамі і ганаровым журы фестывалю.

Мультфільм Рамана Бурмакова, Руслана Сінкевіча, Святланы Катляровай і Марты Герашчанкі "Палессе на балоце" (Беларусь, 2017) атрымаў прыз "Саламяны зубр" Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Беларускага саюза кінематаграфістаў. Гэта павучальная гісторыя пра хлопчыка, які не бярог прыроду і жывёл і аднойчы трапіў у няпростае становішча - стары пугач перамясціў малога ў свой дом, што знаходзіўся ў глыбіні гушчару сярод палескага балота. Пасля пугач ператварыўся ў дзеда, які пачаў распавядаць хлопчыку займальныя гісторыі пра нябачныя чалавечаму воку істоты. Малы даведаўся пра Цмока і Красналюдак, пра Крыжаціка і Малімона, зразумеў, што яны, як толькі трэба, прыходзяць на дапамогу чалавеку. Дзякуючы адной дажджлівай ночы, праведзенай сярод міфічных істот, хлопчык вяртаецца ў рэальны свет зусім іншым - добрым і спагадлівым.

Работа класіка айчыннай анімацыі Ігара Волчака "Ваўчышка" (Беларусь, 2018) удастоілася на фестывалі ўзнагароды "За вытанчанасць і паэтычнасць творчасці". Сюжэт мультфільма такі: жыў у лесе Ваўчышка, кожны дзень адкрываў для сябе нешта новае, любаваўся павуцінкай, лістом, што плыве па вадзе, гуляў з жабай і зайцам, палохаўся вялізнага, нібы гара, лася. Але аднойчы Ваўчышку знайшоў чалавек. Ён прынёс шчанюка ў свой дом і стаў прыручаць, а за ўсім гэтым дбайна назіралі сабака і кот. У Ваўчышкі пачалася новае жыццё, аднак сны аб мінулым не давалі яму спакою…

Мультфільм Наталлі Дарвінай "Лагодны воўк" (Беларусь, 2018) атрымаў прыз у катэгорыі "Лепшы анімацыйны фільм". На краі палянкі ў глыбіні лесу жыў галодны воўк. Галодным ён быў таму, што меў жаласлівае сэрца. Харчаваўся травой, мёдам і піў гарбату. Аднойчы зімой ваўку ўжо стала не пад сілу галадаць, і ён усё ж вырашыў у дзеда з бабай выкрасці баранчыка. Выкраў і не змог яго з'есці, пашкадаваў. Замест гэтага напаіў яго гарбатай і арганізаваў танцы. Дзед са стрэльбай і сабакам прыйшлі да дома ваўка, каб вярнуць свайго баранчыка і пакараць ваўка…

Тэлеканал "Беларусь 3" запрашае сваіх гледачоў да прагляду лепшых беларускіх кінастужак і анімацыйных фільмаў XXV ММКФ "Лістапад"!