Навіны

Навіны
Кіно
Залатая калекцыя савецкага кіно на "Беларусь 3"
5 лістапада 2018

7 лістапада эфір "Беларусь 3" будзе прысвечаны савецкаму кінематографу розных гадоў - гледачоў чакае падборка з пяці поўнаметражных ігравых стужак. Акрамя кіно, тэлеканал пакажа канцэрт ВІА "Сіняя птушка" і музычную праграму "Залаты хіт" са "Славянскага базару ў Віцебску - 2018".

Адкрые тэматычны эфір а 07:30 сямейны фільм-казка Аляксандра Роу "Васіліса Прыгожая" (СССР, 1939). Карціна знята паводле п'есы рускай паэткі Сярэбранага веку, пісьменніцы і драматурга Галіны Уладычынай. Дарэчы, 7 лістапада 1903 года (115 гадоў таму) нарадзіўся выканаўца адразу некалькіх эпізадычных роляў у гэтым фільме і адной - непаўторнай ролі Бабы-ягі - народны артыст РСФСР, акцёр тэатра і кіно Георгій Міляр.

А 09:05 тэлегледачы ўбачаць музычную камедыю Рыгора Аляксандрава "Волга-Волга" (СССР, 1938). Паводле сюжэта стужкі, начальнік упраўлення дробнай саматужнай прамысловасці Іван Іванавіч Бывалаў атрымлівае загад падрыхтаваць да ўсесаюзнага агляду ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Бывалаў лічыць, што пасылаць у Маскву няма каго.

Між тым у горадзе існуе хор народнай песні на чале з паштальёнкай Дуняй, празванай Стрэлкай, і сімфанічны аркестр пад кіраваннем Алёшы Трубышкіна. Таленавітая моладзь калектываў-сапернікаў дэманструе перад Бывалавым свае поспехі. Іван Іванавіч выбірае сімфанічны аркестр і разам з ім адпраўляецца ў Маскву на параходзе "Сяўруга". Але неўзабаве Стрэлка і ўдзельнікі хору абганяюць "Сяўругу" на парусніку "Лесаруб". Вецер, што ўзняўся, разносіць па рацэ лісткі з нотамі песні пра Волгу, напісанай Стрэлкай. І калі ўдзельнікі самадзейнасці прыбываюць у Маскву, ужо ўсе ведаюць гэтую песню, яе перадаюць па радыё, яе аўтара шукаюць…

А 11:10 тэлеканал "Беларусь 3" пакажа камедыю Мікалая Рашэева і Абрама Нарадзіцкага "Бумбараш" (СССР, 1971) - тэлефільм паводле ранніх твораў Аркадзя Гайдара (выкарыстаны літаратурны матэрыял няскончанай аповесці "Бумбараш", газетных аповедаў пра Лёўку Дземчанку і нарысавай аповесці "У дні паражэнняў і перамог").

Героіка-прыгодніцкі фільм Аляксандра Паўлоўскага "Зялёны фургон" (СССР, 1983) гледачы ўбачаць а 15:00. Дзеянне карціны разгортваецца ў Адэсе 1920 года. На працу ў крымінальны вышук трапляе юнак з інтэлігентнай сям'і, увесь жыццёвы багаж якога змяшчаўся ў томіку аповесцяў і апавяданняў пра Шэрлака Холмса англійскага пісьменніка Артура Конан Дойля. Менавіта з гэтай кнігі чэрпаў свае веды аб крыміналістыцы герой фільма Валодзя Патрыкееў. І вось Валодзю разам з вопытным бальшавіком пасылаюць на сяло змагацца з кулакамі, спекулянтамі, хабарнікамі, бандытамі і самагоншчыкамі. Так былы гімназіст увайшоў у поўнае небяспек дарослае жыццё…

Наўрад ці знойдзецца кінаман, не знаёмы з музычна-гераічнай камедыяй Андрэя Тутышкіна "Вяселле ў Малінаўцы" (СССР, 1967). Упадабаную многімі пакаленнямі гледачоў кінастужку "Беларусь 3" пакажа а 19:05.

Увечары а 21:05 тэлегледачы ўбачаць выдатную экранізацыю аповесці Міхаіла Булгакава ад рэжысёра Уладзіміра Борткі "Сабачае сэрца" (СССР, 1988). Стужка, сюжэтна максімальна набліжаная да літаратурнай крыніцы, адправіць гледачоў у заснежаную Маскву 1920-х гадоў мінулага стагоддзя. У самым сэрцы бальшавіцкай Расіі творыць і эксперыментуе буйны навуковец з сусветным імем - прафесар Праабражэнскі. Прафесар задумвае рызыкоўны эксперымент - перасадку гіпофізу нядаўна памерлага чалавека двароваму сабаку. Праабражэнскі, нястомны даследчык галаўнога мозгу чалавека, мае намер уразумець прызначэнне гіпофізу.

У кватэры прафесара з'яўляецца вулічны дварняк па мянушцы Шарык, а неўзабаве знаходзіцца і прыдатны труп забітага ў піўнушцы дармаеда Кліма Чугункіна. Найскладанейшая аперацыя, праведзеная Праабражэнскім і яго асістэнтам доктарам Барменталем, прыводзіць да неверагодных вынікаў - ачалавечвання жывёліны. Але наступствы гэтага дзіўнага адкрыцця бянтэжаць мудрага навукоўца: мілы сабака ператвараецца ў найгоршага прадстаўніка пралетарыяту - зласлівага люмпена, галоўным прынцыпам якога становіцца "ўсё ўзяць і падзяліць"...

Музычным упрыгажэннем святочнага эфіру на "Беларусь 3" стане паказ канцэртаў ВІА "Сіняя птушка" а 13:50 і канцэртнай праграмы "Залаты хіт" са "Славянскага базару ў Віцебску - 2018" а 17:25.