Навіны

Навіны
Кіно
Беларуская калекцыя "Лістапада" на "Беларусь 3"
29 кастрычніка 2018

2 лістапада адкрываецца XXV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад". Тэлеканал "Беларусь 3" напярэдадні фестывалю пакажа фільмы - прызёры мінулых гадоў, паглыбіць з галавой гледачоў у свет якаснага аўтарскага кіно і парадуе іх як штодзённымі спецвыпускамі "Навін культуры", так і паказам ігравых стужак - беларускіх лаўрэатаў конкурсу "Лістапад". Акрамя гэтага, тэлеканал плануе паказ некаторых фільмаў - дыпламантаў нацыянальнага конкурсу і конкурсу нацыянальных кінашкол сёлетняга, юбілейнага фестывалю.

Перад пачаткам кінафоруму сацыякультурны тэлеканал пакажа адразу чатыры стужкі, што ўдастоіліся самай высокай ацэнкі кампетэнтнага журы "Лістапада" мінулых гадоў. Паказ кожнай карціны будзе суправаджацца спецвыпускам праграмы "Час кіно", у якой праграмны дырэктар форуму Ігар Сукманаў асабіста раскажа пра кожную работу, а таксама правядзе экскурс у мінулае і будучыню ММКФ, створыць насычаны і атмасферны бэкграўнд і раскажа пра тое, што засталося за кулісамі.

30 кастрычніка а 15:35 і 22:20 тэлегледачы ўбачаць у эфіры "Беларусь 3" карціну Андрэя Кудзіненкі "Масакра" ("Беларусьфільм", 2010). Дзеянне фільма разгортваецца ў 60-х гадах XIX стагоддзя ў Беларусі. Паўстанне Кастуся Каліноўскага жорстка падаўлена. У краіне пануе атмасфера страху і смутку. Радавыя маёнткі пераходзяць да новых гаспадароў. Ці паспеюць пашкадаваць аб сваёй сквапнасці тыя, хто захапіў валоданні таямнічага старажытнага роду? Ці можа каханне ператварыць пярэваратня ў чалавека?

Сцэнарнай асновай фільма сталі матывы беларускіх народных легендаў і навэла Праспера Мерымэ (1803-1870 гг.) "Локіс". Рэжысёр карціны - Андрэй Кудзіненка, вядомы гледачам па кароткаметражнай стужцы "Гульня ў хованкі", фільмах "Бітва пяці воінстваў", "Розыгрыш" і серыяле "Кадэцтва". Большая частка фільма здымалася ў палацава-паркавым комплексе Святаполк-Чацвярцінскіх у пасёлку Жалудок (Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць).

31 кастрычніка а 15:35 і 22:10 Ігар Сукманаў раскажа пра гістарычную драму Сяргея Лазніцы "У тумане" (Расія-Беларусь-Нідэрланды-Латвія-Германія, 2012). Стужка з'яўляецца экранізацыяй аднайменнай аповесці Васіля Быкава, пры гэтым рэжысёр пастараўся, каб сцэнар фільма быў максімальна блізкі да арыгінальнага твору пісьменніка. Сяргей Лазніца - рэжысёр з сусветным імем, знаёмы беларускаму гледачу таксама па фільме "Шчасце маё", які заваяваў Гран-пры на фестывалі "Лiстапад" у 2010 годзе.

Кінакрытыкі параўноўваюць экранізацыю з карцінамі А. Таркоўскага ("Іванава дзяцінства") і Э. Клімава ("Ідзі і глядзі").

1 лістапада а 15:35 і 22:35 "Беларусь 3" пакажа драму Канстанціна Лапушанскага "Роля" (Расія-Беларусь-Фінляндыя-Германія, 2013). Гісторыя пачынаецца ў 1919 годзе ў Сібіры. Малады правінцыйны акцёр Мікалай Яўлахаў вандруе з часцямі Белай арміі ад станцыі да станцыі, спрабуючы выратавацца ад чырвоных. На станцыі Рытва чырвоным удаецца захапіць цягнік, у якім знаходзіцца Яўлахаў. Прынята рашэнне расстраляць белых афіцэраў. Каб аддзяліць вайскоўцаў ад цывільных асоб, камандзір чырвоных Плотнікаў ідзе ўздоўж строю і асабіста вызначае, каму жыць, а каму не. У Яўлахаве ён бачыць чалавека, падобнага на яго самога.

Раптам конніца белых прарываецца да станцыі і пачынаецца жорсткі бой. Плотнікаў гіне, а палонныя разбягаюцца, сярод іх і Яўлахаў. Выхаваны ў эстэтыцы сімвалізму і тэорыі, што вышэйшая форма акцёрства - гэта акцёрства ў дэкарацыях рэальнага жыцця, ён расцэньвае ўсё тое, што адбылося з ім, як унікальны шанц здзейсніць неймаверны подзвіг мастацтва, на які толькі здольны акцёр.

2 лістапада а 15:05 і 22:15 тэлегледачы ўбачаць карціну Ільдара Раага "Я не вярнуся" (Расія-Беларусь-Эстонія-Фінляндыя, 2014). Фільм распавядае пра маладую выкладчыцу ўніверсітэта Аню, якая, знаходзячыся на старце сваёй кар'еры, становіцца ахвярай ілжывага абвінавачання ў захоўванні наркотыкаў.

Карыстаючыся сваёй дзіцячай знешнасцю, Аня спрабуе схавацца ў дзіцячым прыёмніку-размеркавальніку. Там яна сустракае Крысціну, самотную 13-гадовую дзяўчынку, якая марыць уцячы да сваёй бабулі ў Казахстан. Аня прымае рашэнне ўцячы разам з Крысцінай…