Навіны

Навіны
Кіно
Рэтраспектыва фільмаў Ігара Дабралюбава на "Беларусь 3"
18 кастрычніка 2018

З 22 па 26 кастрычніка да 85-годдзя з дня нараджэння народнага артыста БССР, рэжысёра і педагога Ігара Дабралюбава, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа адразу пяць любімых гледачамі фільмаў.

У панядзелак а 10:30 і 15:35 тэлегледачы ўбачаць легендарную стужку Ігара Дабралюбава, якая стала сапраўды народнай камедыяй. Фільм "Белыя Росы" ("Беларусьфільм", 1983) удастоіўся спецыяльнага прыза і прыза за лепшы сцэнарый на Усесаюзным кінафестывалі ў 1984 годзе і адразу стаў лідарам у савецкім кінапракаце - толькі за год яго паглядзелі больш за 36 мільёнаў гледачоў.

У аўторак а 10:35 і 16:30 будзе паказана ваенная кінааповесць "Іван Макаравіч" ("Беларусьфільм", 1968). Ваню, галоўнаму герою карціны, было 13 гадоў, калі пачалася вайна. Бацька пайшоў на фронт, і хлопчыку разам з маці давялося пакінуць Беларусь і накіравацца на ўсход. Але маці падчас першай жа бамбёжкі загінула. Ваню прыгрэў і выхадзіў рабочы кацельні домакіраўніцтва. Хлопчык прывязаўся да дзядзькі Кузі, дапамагаў яму ў кацельні. Калі дзядзька Кузя пайшоў на фронт, Ваня застаўся качагарыць замест яго. Выпадак звёў яго з маленькай дзяўчынкай Лялькай і яе бабуляй. Пасяліўшыся ў іх, Ваня аказвае ім пасільную дапамогу, нястомна клапоцячыся пра дзяўчынку. Бабуля і Ляля сталі паважліва называць яго Іванам Макаравічам. Нягоды і цяжкасці не зламалі падлетка, а толькі загартавалі яго характар.

У 1970 годзе на IV Усесаюзным кінафестывалі ў Мінску стужка была прызнаная лепшым фільмам для дзяцей. Яна таксама была адзначаная на XXII МКФ фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Венецыі, атрымаўшы Гран-пры фестывалю.

У сераду а 10:35 і 16:30 увазе гледачоў будзе прапанавана карціна "Братушка" (СССР - Балгарыя, 1975), дзеянне якой разгортваецца ў верасні 1944 года. Савецкая армія вызваляе Балгарыю ад нямецкіх захопнікаў. У наступнай у тылавым абозе коннай павозцы Алеся Казанка ламаецца кола, і яму прыходзіцца завярнуць у найбліжэйшую вёску. Жыхары вёскі даўно ўжо чакаюць вызваліцеляў і ладзяць Алесю ўрачыстую сустрэчу. Мясцовыя майстры ставяць на яго павозку новае кола - прыгожае, размаляванае.

Казанка просіць падвесці да горада студэнт Жыўка, якога саслалі сюды ранейшыя ўлады за падпольную працу. У Алеся ўжо ёсць адна пасажырка - румынка Марыка, вызваленая савецкімі байцамі з фашысцкага палону. Неўзабаве ў 3 падарожнікаў з'яўляецца яшчэ адзін спадарожнік - у палон Казанку здаецца нямецкі салдат Іаган. Перш чым героі фільма дабяруцца да горада, адбудзецца яшчэ шмат сустрэч і падзей.

У чацвер а 10:35 і 16:30 гледачы ўбачаць кінааповесць Ігара Дабралюбава "Расклад на паслязаўтра" ("Беларусьфільм", 1978). Паводле сюжэта, настаўніца літаратуры Антаніна Сяргееўна прыходзіць працаваць у спецыялізаваную фізіка-матэматычную школу імя Ландау. Вопытны педагог, яна бачыць, што тут усе выкладчыкі ставяцца да вучняў зусім не так, як у сярэднестатыстычнай школе. Павага, якую дарослыя выяўляюць у дачыненні да дзяцей, фарміруе ў іх сапраўдныя творчыя асобы. Аднак неўзабаве Антаніна Сяргееўна разумее, што яе вучні залішне рацыянальныя і далёкія ад разумення прыгожага. У педагога з'яўляецца мэта: растлумачыць дзецям, што жыццё не ўкладваецца ў дакладныя матэматычныя формулы, навучыць іх разумець літаратуру, мастацтва, выхаваць гарманічна развітых людзей.

Завершыць тэматычны кінатыдзень пятнічны паказ карціны "Мама, я жывы" ("Беларусьфільм", 1985) а 10:55 і 16:40. Дзеянне гераічнай кінааповесці разгортваецца ў 1943 годзе. 12-гадовы сірата Пецька Дым, трапіўшы ў партызанскі атрад, становіцца разведчыкам. Але, асцерагаючыся за яго жыццё, камандзір атрада Іван Фаміч Драгун адпраўляе хлопчыка ў школу, якая знаходзіцца тут жа, у лесе. Атрымаўшы загад выйсці ў небяспечны рэйд, партызанскае камандаванне прымае рашэнне вывезці школу за лінію фронту. Але падчас пагрузкі ў самалёт, які павінен быў забраць дзяцей, з'яўляюцца фашысты. Ратуючы дзяцей, гінуць партызаны, якія суправаджалі іх. І тады Пецька бярэ на сябе клопат пра сваіх таварышаў і старуюнастаўніцу. Ён робіць усё, каб вывесці дзяцей у бяспечнае месца, выратаваць ад голаду і ад гітлераўцаў, якія ідуць па следзе.

Зважаем, што ўсе пяць кінастужак будуць дэманстравацца з функцыяй скрытага субцітравання.