Навіны

Навіны
Музыка
Дзень памяці Уладзіміра Мулявіна - на "Беларусь 3"
12 студзеня 2018

26 студзеня ў эфіры "Беларусь 3" пройдзе дзень памяці Уладзіміра Мулявіна. Да дня нараджэння народнага артыста СССР, генеральны прадзюсерскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі здыме і падрыхтуе да эфіру канцэртную праграму "Вянок". Гэты канцэрт, прэм'еру дакументальнага фільма "Пясняр. Сэрцам і думамі", а таксама спецыяльны выпуск аўтарскага праекта Уладзіміра Арлова "Люблю і памятаю" гледачы змогуць убачыць у дзень памяці стваральніка і лідара ВІА "Песняры".

15 гадоў таму - 26 студзеня 2003 года - не стала легенды беларускай музыкі Уладзіміра Мулявіна. Уральскі талент, уладкаваўшыся на працу ў беларускую філармонію, звязаў жыццё з нашай краінай і яе песнямі. Народная творчасць у апрацоўцы Уладзіміра Мулявіна, кампазіцыі на вершы класікаў беларускай літаратуры і песні савецкіх аўтараў першай велічыні ў выкананні "Песняроў" сталі папулярнымі далёка за межамі СССР.

12 студзеня, у дзень нараджэння артыста, на сцэне Белдзяржфілармоніі адбудзецца прэм'ера - будзе выкананы цыкл песень Уладзіміра Мулявіна на вершы Максіма Багдановіча "Вянок". У суправаджэнні аркестра праспяваюць вядомыя выканаўцы: Ян Жэнчак, Вячаслаў Ісачанка і Андрэй Коласаў. Генеральны прадзюсерскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі правядзе запіс гэтага канцэрта спецыяльна для эфіру на тэлеканале "Беларусь 3".

Праграма "Вянок" была створаная Уладзімірам Георгіевічам да 100-годдзя беларускага паэта Максіма Багдановіча. Праз 26 гадоў пасля яе першага і апошняга выканання аркестр імя І. Жыновіча адрадзіў канцэртную праграму цалкам. Аранжыроўкі ўсіх 15 кампазіцый цыклу зрабіў дырыжор аркестра, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко. У праграме "Вянок" гледачы пачуюць як вядомыя песні ("Слуцкія ткачыхі", "Лявоніха", "Вераніка", "Зорка Венера"), так і цалкам невядомыя шырокаму колу слухачоў кампазіцыі Мулявіна ("Па-над белым пухам вішняў…", "Прывет табе, жыццё на волі…", "На чужыне", "Па ляду, у глухім бары…" і іншыя).

Канцэртную праграму "Вянок" гледачы "Беларусь 3" убачаць 26 студзеня а 13:00.

Перад канцэртам, а 12:20, "Беларусь 3" прапаноўвае прэм'еру дакументальнай кінастужкі "Пясняр. Сэрцам і думамі", прысвечанай жыццю і творчасці Уладзіміра Мулявіна. Аўтара фільма Уладзіміра Арлова з творчасцю заснавальніка першага беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля злучалі рэжысёрскія работы, сярод якіх - самы першы айчынны музычны фільм "Песняры" (1971 г.) і фільм-канцэрт "А таксама цырк" (1983 г.). Але ў гэтых стужках засталося шмат недагаворанага пра жыццё Уладзіміра Георгіевіча, што і павінен папоўніць дакументальны фільм, зняты на заказ Міністэрства культуры Беларусі. Прадзюсер карціны - Уладзімір Бокун.

Паўтор праектаў "Вянок" і "Пясняр. Сэрцам і думамі" тэлегледачы змогуць убачыць увечар 27 студзеня а 21:05 і а 22:40 адпаведна.

Дарэчы, рэжысёр Уладзімір Арлоў - аўтар дзесяці кніг з серыі "100 выдатных дзеячаў Беларусі", адна з якіх прысвечаная Уладзіміру Мулявіну. І ў новым выпуску аўтарскага праекта "Люблю і памятаю", які гледачы тэлеканала "Беларусь" убачаць 29 студзеня, Уладзімір Аляксандравіч падзеліцца ўспамінамі і цікавымі фактамі пра "Песняроў", распавядзе аб асабістым знаёмстве з лідарам і кіраўніком легендарнага ансамбля.